BE RU EN

У Вільні пройдзе дзень памяці Барыса Нямцова

У аўторак акцыі памяці вядомага расейскага апазіцыянера пройдуць у 61 горадзе свету.

27 лютага, у трэцюю гадавіну забойства расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, у Вільні пройдзе пікет, паведамляе сайт ehutimes.com.

Удзельнікі збяруцца а 17-й каля помніка «Вестка» насупраць Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі.

Стараста парламенцкай фракцыі кансерватараў Габрыэлюс Ландсбергіс звярнуўся да Віленскай гарадской рады і мэра сталіцы з просьбай пачаць да 27 лютага працэдуру перайменавання вуліцы Латвю ў Вільні ў вуліцу Барыса Нямцова.

«Хоць Вільня заўсёды была і, веру, будзе прыстанкам для змагароў за дэмакратычную Расею і ўсю постсавецкую прастору, яго памяць не ўвекавечаная. Найлепшы спосаб зрабіць гэта – перайменаваць вуліцу Латвю, якая вядзе да амбасады Расейскай Федэрацыі, – сказаў Ландсбергіс. – Барыс Нямцоў быў адным з лідараў расейскай апазіцыі, які не толькі цвёрда і бескампрамісна абараняў каштоўнасці, у якія верыў, але і заўсёды выступаў за дэмакратычную, сучасную, еўрапейскую Расею, дзяржаву, якая падтрымлівала б цывілізаваныя стасункі са сваімі суседзямі, не ўблытвалася ў іх унутраную палітыку, не імкнулася падманам і сілай заняць іх тэрыторыі».

У лютым 2016 года віленскі муніцыпалітэт прыняў рэзалюцыю «Аб памяці Барыса Нямцова». Згодна з дакументам, адміністрацыя павінна была ўвекавечыць памяць расейскага апазіцыянера і назваць у ягоны гонар сквер і вуліцу ў Вільні, але да гэтага часу гэтага так і не зрабілі.

Мэр сталіцы Рэмігіус Шымашус сказаў, што прапануе назваць сквер ля амбасады скверам Расейскай дэмакратыі.

«Я асабіста прапаную гарадской радзе назваць сквер насупраць амбасады Расеі на вул. Латвю “скверам Расейскай дэмакратыі”, у гонар 0,5 млн масквічоў, якія пасля 13 студзеня выйшлі на вуліцы Масквы, каб падтрымаць прагу свабоды літоўцаў. У скверы пасадзяць бярозкі ў гонар усіх расейскіх гістарычных падзеяў і асобаў, якія вядуць краіну да дэмакратыі, – сказаў Р. Шымашус. – Я паважаю памяць Барыса Нямцова, Ганны Паліткоўскай, іншых забітых расейскіх дэмакратаў і журналістаў і цаню іхнюю барацьбу супраць пуцінскага рэжыму. Вядома, такія людзі вартыя павагі і ўшанавання ў Вільні. Што тычыцца месца іх ўшанавання, яшчэ ідуць дыскусіі, аднак па-за ўсялякіх сумневаў –памятны знак у памяць такіх асобаў з'явіцца ў Вільні».

27 лютага акцыі памяці пройдуць ва ўсім свеце ў 61 горадзе.

Расейскі палітык Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч з 27 на 28 лютага 2015 недалёка ад Крамля.

Апошнія навіны