Памятайце пра палітвязняў!
- 24.02.2018, 10:40
Самае малое, што можна зрабіць - гэта даслаць Змітру Паліенку паштоўку, каб выказаць з ім салідарнасць.
Пра гэта напісала ў «Фейсбуку» грамадская актывістка Марына Насенка:
- У нашай краіне вучаць, што добры грамадзянін «апалітычны», а жанчынам наогул «месца на кухні». Але давайце не будзем слухаць высокапастаўленую лухту і пільнавацца яе, а ўсё ж пачнем рабіць справядліва і сумленна.
У зняволенні ўсё яшчэ знаходзіцца сацыяльны актывіст Зміцер Паліенка. Падчас праезду за правы раварыстаў на дарозе «Крытычная маса» ён спыніў гвалт супрацоўніка міліцыі ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў, за што апынуўся ў турме паводле арт.364 КК РБ (асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, але ў красавіку 2017 года адтэрміноўка была скасаваная).
Міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.
Самае малое, што ты можаш зрабіць - гэта даслаць Змітраку паштоўку, каб выказаць сваю салідарнасць з ім, а таксама націснуць на рэпрэсіўны апарат.
Паштоўку/кі можна атрымаць абсалютна задарма, проста напісаўшы мне ў асабістыя паведамленні. Выслаць магу ва ўсякую краіну.
*Пры магчымасці адпраўляй Змітру паштоўку зарэгістраваным лістом. Так, з большай доляй імавернасці ён атрымае яе проста ў рукі, а ты зможаш прасачыць шлях свайго ліста.
Калі хочаш атрымаць адказ ад Змітра, пакідай зваротны адрас, ён заўсёды рады падтрымцы і заўсёды адказвае. Пры ўзнікненні праблем (не дайшла паштоўка, не атрымалі адказ) можна таксама звяртацца ў асабістыя паведамленні.
Адрас:
Паліенка Дзмітрый Аляксандравіч
вул.Сікорскага 1, ПК-2, а.9
213800
Бабруйск
Магілёўская вобласць
Беларусь