BE RU EN

ЗША ўвялі самыя маштабныя санкцыі супраць КНДР

  • 23.02.2018, 20:43

ЗША блакуюць пастаўкі нафты і вугалю рэжыму ў Пхеньяне.

ЗША ў пятніцу, 23 лютага, увялі самы маштабны на гэты момант пакет санкцый супраць Паўночнай Карэі. Пра гэта паведаміла прэс-служба амерыканскага Міністэрства фінансаў, паведамляе DW.

Абмежавальныя захады ў першую чаргу закранулі суднаходныя і гандлёвыя кампаніі КНДР. Новая пастанова амерыканскай адміністрацыі распаўсюджваецца на «адну фізічную асобу, 27 юрыдычных структур і 28 судоў», якія ходзяць пад сцягамі Паўночнай Карэі, Кітая, Тайваня, Сінгапура, Ганконга, Маршалавых Астравоў, Танзаніі, Панамы і Каморскіх выспаў або размешчаных на гэтых тэрыторыях.

Як адзначыў міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын, яго ведамства будзе блакаваць усе наяўныя ў Пхеньяна магчымасці ўхіліцца ад санкцый, пераследаваць ва ўсім свеце арганізацыі, якія працуюць у інтарэсах КНДР, а таксама вядуць незаконны транспарт вугалю і паліва і дастаўку тавараў у гэтую краіну «праз міжнародныя воды» .

Рэжым у Пхеньяне знаходзіцца пад санкцыямі ў сувязі з распрацоўкай ядзернай зброі і сродкаў яе дастаўкі.

Між іншым, рэзалюцыя ААН забараняе імпарт у КНДР нафты і нафтапрадуктаў, стварэнне сумесных прадпрыемстваў з удзелам паўночнакарэйскага капіталу, экспарт у краіны - сябры ААН тэкстылю з КНДР. Асобныя санкцыі супраць Паўночнай Карэі ўвялі ЗША, Еўразвяз, Канада, Паўднёвая Карэя, Японія і Расея.

Апошнія навіны