BE RU EN

Актывіст прафзвязу РЭП: Чыноўнікі ўсё спіхнулі на Лукашэнку

  • 23.02.2018, 14:31

Магілёвец Аляксей Паўлоўскі атрымаў адказ, куды сышлі грошы на будаўніцтва ўніверсітэта.

Магілёвец Аляксей Паўлоўскі, сябра прафзвязу РЭП ужо шмат гадоў змагаецца за заканчэнне будаўніцтва новага корпуса БРУ, якое вядзецца з 1991 года, піша praca-by.info.

У канцы снежня ён даведаўся, што 600 млн недэнамінаваных рублёў, выдадзеных на кансервацыю аб'екта, так і не дайшлі да мэты. Паўлоўскі западозрыў улады ў карупцыі. Актывіст накіраваў звароты ў адміністрацыю Лукашэнкі і Генпракуратуру. І калі пракуроры пераслалі паперу ў Міністэрства адукацыі, то за адміністрацыю адказаў памочнік Лукашэнкі Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.

У сваім лісце чыноўнік спаслаўся на ўказ прэзідэнта «Аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2016 год». Адпаведна з ім, недабудаваны корпус БРУ ўключылі ў «пералік будоўляў і аб'ектаў, фінансаванне якіх з рэспубліканскага бюджэту было прыпыненае і сродкі, прадугледжаныя на кансервацыю аб'екта, былі скарочаныя».

Памочнік прэзідэнта паказаў, што шукаць сродкі будуць у іншым месцы:

«Магілёўскім аблвыканкамам унесеныя прапановы ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб уключэнні гэтага аб'екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2018 год».

Паўлоўскі сказаў, што здзівіўся таму, наколькі лёгка Лаўранкоў пераклаў адказнасць на Лукашэнку:

- Чыноўнікі спіхнулі ўсё на Лукашэнку. Нібыта гэта ён вінаваты, што корпус БРУ ўсё ніяк не могуць давесці да розуму. Універсітэт міжнароднага значэння, Беларусь і Расея будуюць і больш за 25 гадоў дарабіць не могуць, - пракаментаваў адказ чыноўніка Паўлоўскі.

Цяпер актывіст чакае, што яму адкажуць ў Міністэрстве адукацыі.

Апошнія навіны