BE RU EN

Андрэй Курэйчык: Гендырэктар «Беларусьфільма» адпраўлены ў адстаўку

  • 22.02.2018, 15:55

Ігар Поршнеў з 1 сакавіка не будзе займаць пасаду гендырэктара дзяржаўнай кінастудыі.

Пра гэта tut.by паведаміў рэжысёр Андрэй Курэйчык, спаслаўшыся на ўласныя крыніцы ў «Беларусьфільме». Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіла крыніца ў Міністэрстве культуры.

- Мне паведамілі пра гэта крыніцы на кінастудыі «Беларусьфільм». З іх слоў, сёння вузкаму колу супрацоўнікаў было даведзена, што Поршнеў з 1 сакавіка на кінастудыі ўжо не працуе, - распавёў рэжысёр.

Курэйчык бачыць тры прычыны, якія ў сукупнасці, або кожная паасобку, маглі паслужыць падставай для адстаўкі гендырэктара «Беларусьфільма».

- Па-першае, гэта фільм «Колы на вадзе» і ўслед за ім скандал з Канчалоўскім. Па-другое - зборы «Тум-Пабі-Дум». У Менску фільм сабраў 1600 даляраў, а паглядзела яго ўсяго блізу трох тысяч гледачоў. Ну і трэцяя прычына - фільм «Не гульня», які выйшаў без прозвішча рэжысёра ў цітрах - мяркуючы з усяго, за гэтым хаваецца нейкі чарговы скандал. Пры гэтым пахваліцца таксама няма чым. Два фільмы, на якія былі выдаткаваныя бюджэтныя грошы, так і не выйшлі. «Трымайся за аблокі» павінны былі паказаць вясной 2017 года. Серыял «Аўташкола» таксама не прададзены. А на кожны з гэтых праектаў было выдаткавана больш за мільён даляраў дзяржаўных сродкаў, - выказаў меркаванне Курэйчык.

Прэс-сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава паведаміла, што на сёння дакументаў аб звальненні Ігара Поршнева ў аддзеле кадраў міністэрства няма. Аднак неафіцыйна крыніца ў Міністэрстве культуры пацвердзіла навіну аб звальненні Поршнева.

Датэлефанавацца Ігару Поршневу не ўдалося.

Апошнія навіны