BE RU EN

«Рэпарцёры без межаў» запатрабавалі зняць абвінавачванні з аператара «Белсату»

  • 22.02.2018, 15:27

Ужыванне гвалту супраць журналіста - адзін з варыянтаў цэнзуры.

Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асуджае выпадкі ўжывання фізічнага гвалту да журналістаў і блогераў у Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт арганізацыі.

У заяве кіраўніка аддзела арганізацыі ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхана Біра адзначаецца, што «Рэпарцёры без межаў» разглядаюць выпадкі ўжывання сілы супраць журналістаў як наўмысную цэнзуру.

Асобна арганізацыя згадала інцыдэнт з журналістам тэлеканала «Белсат» Андрэем Козелам, якога міліцыя жорстка вывела з залы «выбарчага» ўчастка №27 у Менску пасля адмовы спыніць відэатрансляцыю падліку галасоў. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і пакінулі на ноч у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

На наступны дзень пасля інцыдэнту Козел заявіў у судзе Цэнтральнага раёну Менску, што супрацоўнікі міліцыі збівалі яго, а таксама разбілі ягонай галавой шкляныя дзверы на ўчастку для «галасавання». Суд адправіў справу ў дачыненні да Козела на дапрацоўку.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна зняць абвінавачванні з Андрэя Козела і правесці непрадузятае расследаванне аб факце непрымальнага гвалту, які ён зазнаў, а таксама іншыя парушэнні свабоды распаўсюду інфармацыі падчас «галасавання», - адзначыў у заяве Ёхан Бір.

У рэйтынгу свабоды прэсы за 2017 год, які складае арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», Беларусь займае 153-е месца сярод 180 краін.

Апошнія навіны