Як малады спецыяліст са Слуцка вярнуў 250 рублёў за лісток непрацаздольнасці
- 22.02.2018, 12:28
Малады спецыяліст дамогся справядлівасці ад працадаўцы.
У пачатку лютага «Кур'ер» пісаў пра маладога спецыліста са Слуцка, якому за лісток непрацаздольнассці за месяц заплацілі ўсяго 80 рублёў. Павел распавёў, чым скончылася гісторыя і як ён дамогся выплаты.
Жыхар Слуцку Павел закончыў каледж. Маладога спецыяліста размеркавалі прадаўцом у буйны супермаркет Слуцка. Атрымліваў ён у сярэднім 400 рублёў на месяц.
Прапрацаваўшы тры месяцы, хлопец трапіў у шпіталь. Пасля заканчэння лячэння яму выдалі лісток на 29 дзён. На працы лісток прынялі, але аплацілі за ўвесь перыяд блізу 80 рублёў.
Каб разабрацца з сумай аплаты лістка, малады спецыяліст спачатку звярнуўся ў бухгалтэрыю свайго прадпрыемства
«Чаму так мала?» - спытаў Павел у бухгалтара прадпрыемства. «Вы не прапрацавалі паўгода», - так адказалі, спаслаўшыся на нейкі закон.
«Маладому спецыялісту, хутчэй за ўсё, аплацілі лісток непрацаздольнасці мінімальнай сумай, - патлумачыла журналістам Алена Арлоўская, начальніца Слуцкага райаддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. - Але калі прадпрыемства выплачвае страхавыя ўнёскі ад пачатку непрацаздольнасці, дапамога маладому спецыялісту павінна быць налічана на агульнай падставе: у суме 80% сярэднядзённага заробку за першыя 12 каляндарных дзён непрацаздольнасці. За ўсе наступныя каляндарныя дні - 100% сярэднядзённага заробку».
Прачытаўшы публікацыю ў газеце, Павел асабіста звярнуўся ў ФСАН. Прааналізаваўшы яго дакументы, спецыялісты аддзела параілі хлопцу паўторна звярнуцца ў бухгалтэрыю прадпрыемства па пераразлік. І мелі рацыю.
На мінулым тыдні, пасля пераразліку, Паўлу даплацілі належныя яму 250 рублёў.