BE RU EN

Актывіст з Магілёва: Дзень Волі можа стаць каталізатарам абуджэння беларусаў

  • 21.02.2018, 11:39

Трэба бараніць нацыянальныя інтарэсы краіны ў кожнай сітуацыі.

Пра гэта сайту БНК заявіў актывіст з Магілёва і сталы ўдзельнік акцый пратэсту Станіслаў Паўлінковіч:

- 25 сакавіка - свята для большасці беларусаў, у першую чаргу - для тых, хто ўважае сябе за патрыёта. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта была спроба аднаўлення суверэнітэту нашай краіны, якая паклала пачатак станаўленню сучаснай беларускай дзяржавы. Так склалася, што ў нас ёсць тры дні незалежнасці - 25 сакавіка, 27 ліпеня і 25 жніўня. Усе яны будуць урачыста адзначацца ў свабоднай Беларусі.

- Якая галоўная прычына ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка для вас?

- Па-першае, стагоддзе БНР бывае толькі адзін раз. Па-другое, мы павінны паказаць, што гатовыя бараніць нацыянальныя інтарэсы краіны ва ўсякай сітуацыі. Нашы слаўныя продкі - літвіны - пакінулі нам не толькі саму ідэю дзяржаўнасці, але і яе сакральныя сімвалы - бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У 1995 годзе тады яшчэ фармальна легітымны прэзідэнт правёў свой першы незаконны рэферэндум, які пазбавіў іх статусу дзяржаўных. Сёння Беларусь з'яўляецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, якая захавала перайначаную савецкую атрыбутыку. Для мяне гэта з'яўляецца адной з галоўных прычын, чаму варта быць 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа. На вулічных акцыях пад бел-чырвона-белымі сцягамі мы паказваем уладзе, што паважаем свае сапраўдныя сімвалы і патрабуем надання ім адпаведнага статусу.

- Якія чаканні ад акцыі?

- Я вельмі рады, што лідары апазіцыі змаглі знайсці агульную мову дзеля годнага святкавання юбілею БНР. Натуральна, што святы такога ўзроўню трэба адзначаць у цэнтры сталіцы, таму цалкам падтрымліваю прапанаваны Нацыянальным аргкамітэтам фармат акцыі 25 сакавіка.

Спадзяюся, што акцыя ў гадавіну стагоддзя БНР стане каталізатарам абуджэння беларусаў, вяртання пачуцця гонару за сваю краіну і свой народ.

Апошнія навіны