BE RU EN

ААН прыступіла да распрацоўкі сусветнага міграцыйнага пакта

  • 21.02.2018, 11:25

У дамове прадугледжаныя стандарты бяспечнай і ўпарадкаванай міграцыі.

Усе краіны-сябры ААН, акрамя ЗША, прыступілі да кансультацый у распрацоўцы ўсёабдымнага пакта аб міграцыі і ўцекачах, паведамляе "Нямецкая хваля".

У гэтым дакуменце мяркуецца прапісаць "бяспечныя, спарадкаваныя і заснаваныя на правілах" стандарты міграцыі. Перамовы плануецца скончыць да канца 2018 года. "У нас няма выбару - прымаць міграцыйныя плыні ці ставіць для іх заслону. Яны ёсць і ўзнікаюць у свеце паўсюдна. Гаворка ідзе пра тое, каб знайсці сусветнае развязанне для сусветнай феномену", - заявіў старшыня Генеральнай Асамблеі ААН Міраслаў Лайчак на адкрыцці дэбатаў у Нью-Ёрку у аўторак, 20 лютага.

ЗША адмовіліся ад удзелу ў перамовах. Яны яшчэ ў студзені заявілі, што планы ААН несумяшчальныя з іх уласнай міграцыйнай палітыкай. Вугоршчына таксама разглядала магчымасць адмовы ад удзелу ў кансультацыях, але, нарэшце, перадумала.

КАНТЭКСТ

Кансультацыі аб сусветным міграцыйным пакту праводзяцца на падставе пастановы Генасамблеі ААН, прынятай у верасні 2016 года. Тады 193 краіны-чальцы ААН аднагалосна прагаласавалі ў падтрымку дэкларацыі аб намерах, якая прадугледжвае ўзмацненне абароны ўцекачоў і мігрантаў, а таксама пашырэнне падтрымкі тым дзяржавам, якія прымаюць большасць бежанцаў.

У рамках распрацоўкі сусветнага міграцыйнага пакта запланаваныя шэсць раундаў перамоваў - па адным на месяц да ліпеня. Дыпламаты спадзяюцца, што ўзгоднены дакумент будзе падпісаны на саміце ў Марока ў снежні 2018 года.

Апошнія навіны