BE RU EN

Ва Украіне аштрафавалі яшчэ адную беларуску за «георгіеўскую» стужку на аўто

  • 20.02.2018, 12:54

Гэта другі выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян Беларусі за выкарыстанне стужкі.

Грамадзянка Беларусі, жыхарка Кобрына павінна выплаціць штраф сумай 850 грыўняў і яшчэ 353 грыўні судовага збору (агулам амаль 50 даляраў у эквіваленце) за публічную дэманстрацыю забароненай ва Украіне «георгіеўскай» стужкі, паведамляе «Радыё Свабода».

У выпадку, калі яна адмовіцца выплаціць устаноўлены судом штраф, з яе прымусова спагоняць двайную суму штрафу - 1700 грыўняў (прыкладна 65 даляраў).

Пратакол аб правапарушэнні ў дачыненні да беларускі быў складзены падчас перасячэння мяжы Беларусі ў памежным пункце «Даманава» (Валынская вобласць, што мяжуе з Берасцейскай вобласцю Беларусі). «Георгіеўская» стужка была прымацаваная на радыёантэну ейнага аўтамабіля Volkswagen Passat.

Гэта другі выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян Беларусі за выкарыстанне «георгіеўскай стужкі». У гэтым годзе ў студзені беларус у Карпатах заплаціў максімальны штраф.

У траўні мінулага года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла закон, які прадугледжвае штраф за выраб і прапагандысцкае выкарыстанне «георгіеўскіх» стужак. Цяпер іх публічнае выкарыстанне, дэманстрацыя або нашэнне караецца штрафам сумай ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэнні закона пакаранне больш жорсткае - штраф да 5 100 грыўняў або арышт на 15 дзён з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў.

Апошнія навіны