BE RU EN

Беларус адкрыў на Тайвані рэстарацыю, якая стала раем для дзяцей

  • 19.02.2018, 21:59

Галоўнай фішкай рэстарацыі стала афармленне інтэр'ера ў беларускім стылі.

Валер Рэцкі родам з Заслаўя, вучыўся тут у школе №1, скончыў БДТУ. А 15 гадоў таму, калі займаўся танцамі ў гуртку пры Доме культуры, прыняў разам з іншымі прапанову адправіцца выступаць на Тайвань.

На выспе хлопцы адпрацавалі паўгода, затым Валер застаўся яшчэ на пару гадоў, атрымаўшы працу ў парку забавак. Там ён пазнаёміўся з будучай жонкай Йінь-Чунь Энджэл Лін, і неўзабаве ажаніўся з ёй, піша belmir.by.

ВАЛЕР РЭЦКІ Ў СВАЁЙ РЭСТАРАЦЫІ
ФОТА: FACEBOOK

Будучы чалавекам стрыманым, прапанову Рэцкі зрабіў не вельмі рамантычна, успамінае цяпер у адным з інтэрв'ю мясцовым мас-медыя ягоная жонка.

- Ён папрасіў выйсці за яго каля дзвярэй крамы бытавой тэхнікі. У той дзень ішоў дождж. У яго былі з сабой кветкі і пярсцёнкі, - кажа Энджэл.

Валер - не вялікі экспэрт у эфектных жэстах, і прывык выказваць сваю любоў да сям'і пры дапамозе канкрэтных учынкаў.

З ЖОНКАЙ ЙІН-ЧУНЬ ЭНДЖЭЛ ЛІНЬ
ФОТА: FACEBOOK

Паводле адукацыі ён - інжынер-тэхнолаг, але на Тайвані адкрыў у сабе талент кухара. Паспрабаваць наважыў, бо сваякі жонкі валодалі лапшычнай. У ёй Рэцкі і атрымаў першы досвед.

Потым працаваў яшчэ кухарам у японскай рэстарацыі, дамогся пэўных поспехаў. І нарэшце, у 2008 годзе наважыў адкрыць сваю ўласную рэстарацыю, у якой былі б і стравы беларускай кухні.

Так і з'явілася на свет установа Retski's Kitchen - «Кухня Рэцкага». Разам з Энджэл яны адкрылі яе ў ейным родным горадзе Фенгюан. А затым, паколькі рэстарацыя карысталася папулярнасцю, пашырыліся, адкрыўшы яшчэ адну ў Тайчжун.

Галоўнай фішкай рэстарацый стала афармленне інтэр'ера ў беларускім стылі. Тут усё зроблена з дрэва і нагадвае дамы ў нашых вёсачках.

На сценах - саламяныя лялькі і лапці, разьбяныя зубры, ільняныя ручнікі з арнаментам, сцяжкі і кепкі з нацыянальнай сімволікай. Плюс фота з сямейнага архіва Рэцкі і школьныя граматы Валера.

РАСТАРАЦЫЯ RETSKI'S KITCHEN У ФЕНГЮАНЕ
ФОТА: GOOGLE MAPS

Мала таго - афіцыянты тут носяць шапкі і кашулі з нашым нацыянальным арнаментам, і ў кожнага на бэджыку два імені - на кітайскай і на беларускай мове.

Праўда, меню хутчэй міжнароднае - не толькі рускае-беларускае. І ўсё ж тут можна замовіць не зусім звыклыя для жыхароў Тайваня боршч, чабурэкі, блінцы або салату аліўе.

І нават селядзец пад футрам. Праўда, замест селядца, які тут не водзіцца, марынуюць скумбрыю. А зверху на порцыі яшчэ і сюрпрыз у выглядзе аранжавай ікры і крэветкі.

Ва ўстановах гучыць руская і беларуская музыка. Тут таксама можна купіць прадукты, прывезеныя прама з Беларусі - напрыклад, шакаладкі ад «Спартака».

Не так даўно рэстарацыю ў Тайчжун Валер і Энджэл перанеслі, выбраўшы іншае месца - на прыродзе ў прыгарадзе. І назвалі яе Retski's Kitchen Dacha - «Кухня- лецішча Рэцкага».

РЭСТАРАЦЫЯ RETSKI'S KITCHEN DACHA
ФОТА: FACEBOOK

Гэтае імя цалкам адпавядае рэальнасці. Тут сапраўды лецішча. І нават гародзік пры ёй, з кропам і агурочкамі. А побач - і сама рэстарацыя з верандай, разлічаная на 150 чалавек.

Усё гэта размяшчаецца на ўчастку амаль у 10 тысяч квадратных метраў. Вакол шмат дрэў і лужкоў, ёсць зарыбленая сажалка.

Асабліва падабаецца ўстанова дзецям. Для іх тут шмат забавак: гульнявая пляцоўка з горкамі і арэлямі, басейн, пясочніца, загон са страўсамі і клеткі з трусамі.

У самога Валера чацвёра дзяцей - Ліза, Ніна, Максім і Міша. Шмат у чым менавіта праз іх сям'я і пераехала на прыроду, каб мець пабольш часу для зносін.

Размаўляюць яны дома напалову на ангельскай, напалову на кітайскай і тайваньскай мовах. Калі на зіму ў госці да ўнукам прыязджае з Беларусі іх бабуля, нашмат часцей гучыць і руская.

СУПРАЦОЎНІКІ Ў САРОЧКАХ З АРНАМЕНТАМ
ФОТА: FACEBOOK

Пра беларуска-кітайскую сям'ю рэгулярна распавядае тайваньская тэлевізія. Рэцкі частуе вядучых дранікамі і дзеліцца рэцэптам гэтай стравы, знаёміць са значэннем славянскага арнаменту і нават выконвае песеньку кракадзіла Гены.

Як кажа наш суайчыннік, жыць на Тайвані спачатку было цяжкавата. Асабліва праз моцную спякоту і вільготнасць летам. Ды і цяпер ён сумуе па Беларусі, яе прыродзе, сваякам.

Але востраў таксама і даў Валеру многае. Зрабіў больш пазітыўным. Змяніў светапогляд. Акіян і горы прымушаюць зразумець, што ты нашмат меншы, чым сабе ўяўляеш, тлумачыць ён.

Ён ніколі не думаў, што застанецца тут на такі доўгі час. Усё, што рабіў - гэта кожны дзень толькі і рабіў, што вучыўся, вучыўся, вучыўся... Аж бачыць - а ўжо гады прайшлі.

- Калі б гадоў 20 таму мне сказалі, што атрымаецца вось так: што я буду жыць на Тайвані, гаварыць на столькіх мовах, адкрыю сваю рэстарацыю, я б сказаў, што гэта немагчыма, - падводзіць вынік Рэцкі.

Апошнія навіны