BE RU EN

Беларусы п'юць ваду з высокім утрыманнем жалеза і марганцу

  • 19.02.2018, 12:20

Эколагі-актывісты правялі аналіз водных рэсурсаў нашай краіны.

Пітная вада з'яўляецца важным элементам у жыцці чалавека. У засушлівых краінах яе нястача з'яўляецца моцна адчувальнай. Згодна з ацэнкай Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у свеце штогод адзначаецца звыш 170 тысяч выпадкаў захворванняў, звязаных з дрэннай якасцю пітной вады.

У Беларусі ў параўнанні з многімі краінамі больш спрыяльная сітуацыя. З 2003 года не зарэгістравана ніводнай успышкі захворванняў, звязанай з якасцю вады. Гэта абумоўлена тым, што ў нас дастатковыя запасы падземных вод пітной якасці.

Толькі траціна насельніцтва горада Менска ўжывае яе з паверхневых крыніц, ва ўсіх астатніх населеных пунктах - з падземных. У перспектыве і Менск цалкам пяройдзе на падземныя крыніцы водазабеспячэння.

«Зялёны партал» пры падтрымцы аб'яднання «Экапартнёрства» падрыхтаваў матэрыял пра якасць, склад і праблемы пітной вады ў Беларусі.

Уплыў металаў

Высокае ўтрыманне жалеза і марганцу - прыродная ўласцівасць беларускіх падземных вод. Перавышэнне нарматыву жалеза (0,3 мг/л) характэрна для паловы водазаборных свідравін на тэрыторыі краіны. Падвышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе надае вадзе бурую афарбоўку і металічны прысмак. Наступствы ж для арганізма наступаюць пры больш высокай канцэнтрацыі: паводле звестак САЗ пры ўтрыманні жалеза да 2 мг/л (у 7 разоў вышэй нарматыву ў Беларусі) ваду можна піць усё жыццё і не атрымаць захворвання.

Развязаць гэтую праблему ў краіне спрабуюць з дапамогай будаўніцтва станцый абезжалезвання. Нягледзячы на тое, што ў краіне пабудаваная ўжо дастатковаю колькасць ачышчальных збудаванняў, у многіх населеных пунктах, асабліва малых, насельніцтву ўсё яшчэ падаецца вада з падвышаным утрыманнем жалеза.

У бытавых умовах жалеза, як правіла, прыбіраецца самымі простымі фільтрамі.

Цвёрдая і мяккая вада

Цвёрдасць вады з'яўляецца адным з крытэраў, паводле якога людзі звычайна мяркуюць пра яе якасць. Вядома, што ў цвёрдай вадзе гародніна і мяса разварваюцца дрэнна, яна псуе выгляд, густ і якасць гарбаты, у жорсткай вадзе дрэнна мыліцца мыла. Цвёрдасць вызначаюць адклады на посудзе. Агульная цвёрдасць вады звязаная з утрыманнем соляў кальцыю і магнію.

У асноўным, праблема высокай цвёрдасці характэрная для вады, якая падаецца з глыбокіх водазабораў. У залежнасці ад цвёрдасці вада бывае мяккая, сярэдняй цвёрдая і вельмі цвёрдая.

Праблема нітратнага забруджвання вады з'яўляецца актуальнай яшчэ і таму што нітраты цяжка выдаліць з вады звычайнымі метадамі ачысткі, неабходна выкарыстанне больш дасканалых дарагіх тэхналогій.

Кішкавыя інфекцыі

Што тычыцца мікрабіялагічнага забруджвання пітной вады, штогод 10-13% проб вады з калодзежаў не адпавядаюць нарматывам мікрабіялагічных паказчыкаў. Прычыны забруджвання вады тыя ж: антысанітарны стан тэрыторыі, прылеглай да водазабору, невыкананне патрабаванняў эксплуатацыі калодзежаў, застойванне вады ў студнях. Таму пры пагрозе мікрабіялагічнага забруджвання вады калодзежную ваду абавязкова трэба кіпяціць, а калодзежы перыядычна чысціць і дэзінфікаваць.

Якасць водаправоднай пітной вады наўпрост залежыць ад стану трубаправодаў. Нават калі на станцыях водаапрацоўкі вада прыводзіцца да неабходных патрабаванняў, далей яна вельмі часта адпраўляецца ў разводную сетку, якая сама па сабе можа пагаршаць якасць вады. Імавернасць мікробнага забруджвання вады існуе і для цэнтралізаваных водаправодаў праз іх зношанасць.

Апошнія навіны