BE RU EN

Прэм'ер Малдовы на канферэнцыі ў Мюнхене заклікаў РФ вывесці войскі з Прыднястроўя

  • 18.02.2018, 17:28

Павел Філіп таксама выказаў заклапочанасць «сітуацыяй нявызначанасці, якая навісла над Усходняй Еўропай».

Прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп падчас свайго суботняга выступу на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі выказаў надзею на тое, што Расея выведзе свае войскі з тэрыторыі непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі (ПМР). З ягоных слоў, гэта дазволіла б краінам мець «збалансаваныя, сяброўскія стасункі» (цытата паводле ТАСС).

Філіп, адзначыўшы «няпростую сітуацыю» ў дачыненнях паміж дзяржавамі, выказаў надзею на «шчырае жаданне Расеі дапамагчы ва ўрэгуляванні прыднястроўскага канфлікту і вывесці з тэрыторыі Рэспублікі Малдова свае ўзброеныя сілы і боепрыпасы», паведамляе newsru.com.

Кіраўнік малдаўскага ўрада таксама выказаў заклапочанасць «сітуацыяй нявызначанасці, якая навісла над Усходняй Еўропай». Ён мяркуе, што па Еўразвязу цяпер праходзяць асноўныя лініі геапалітычнага расколу паміж Усходам і Захадам.

Нагадаем, у студзені спікер парламента Малдовы Андрыян Канду заявіў, што яго краіна мае намер падлічыць шкоду ад прысутнасці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Прыднястроўя за апошнія 25 гадоў, а затым выставіць рахунак Маскве.

Са слоў Канду, Расея ў Прыднястроўі з'яўляецца «акупацыйнай сілай». «Яны арганізуюць сумесныя вучэнні з так званым войскам Прыднястроўя. Расейскія падраздзяленні нясуць пагрозу бяспецы, бо гэта незаконная прысутнасць, такая ж як у Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Усходняй Украіне. Мы спрабуем гаварыць пра незаконную прысутнасць расейскіх сіл у Прыднястроўі на міжнародным узроўні, і мы спадзяёмся, што гэтае пытанне дойдзе да ААН», - сцвярджаў спікер.

Ён таксама адзначыў, што Расея сваімі дзеяннямі парушае міжнароднае права. «Мы маем намер наняць міжнародную юрыдычную фірму для разліку шкоды ад прысутнасці Расеі ў Прыднястроўі на працягу 25 гадоў. Шкода будзе вымярацца мільярдамі даляраў», - дадаў спікер малдаўскага парламента.

Апошнія навіны