BE RU EN

Die Welt: NАТО ўпершыню можа ўзначаліць жанчына

  • 17.02.2018, 19:33

Паўночнаатлантычны альянс можа ўзначаліць міністарка абароны Нямеччыны.

У кіроўных колах краін NАТО абмяркоўваюць магчымасць абрання наступным генеральным сакратаром альянсу міністарку абароны Урсулу фон дэр Ляен. Пра гэта паведамляе газета Die Welt са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў альянсе, піша rbc.ru.

Са слоў суразмоўцы газеты, Ляен валодае неабходнымі навыкамі для такой пасады. «Міністарка абароны Нямеччыны фон дэр Ляен мае выдатную рэпутацыю ў альянсе. У яе ёсць вострае пачуццё стратэгіі, яна выдатна валодае інструментамі экспэртызы, калегі слухаюць яе, калі яна прамаўдяе, і яна мае намер дапамагаць невялікім дзяржавам у альянсе», - сказала крыніца агенцтва.

Адзін з высокапастаўленых дыпламатаў паведаміў газеце, што Нямеччына пад кіраўніцтвам Ляен «значна павялічыла сваю ўцягнутасць ў NАТО». «Яна была б добрым выбарам на пасаду генеральнага сакратара», - выказаў меркаванне ён.

Урсула фон дэр Ляен узначальвае Міністэрства абароны Нямеччыны з 2013 года, да гэтага яна чатыры гады была на чале нямецкага Міністэрства працы. Ляен - намесніца старшыні партыі Хрысціянска-дэмакратычнай уніі (ХДУ).

Тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга генеральнага сакратара NАТО Енса Столтэнбэрга мінае ў 2020 годзе, Столтэнбэрг (у мінулым прэм'ер-міністр Нарвэгіі) узначаліў альянс ў 2014 годзе. Ляен можа стаць першай жанчынай на чале альянсу.

Апошнія навіны