BE RU EN

Дварковіч: Падрыхтаваныя Беларуссю «газавыя дакументы» не задавальняюць РФ

  • 15.02.2018, 17:44

Менск і Масква не змаглі ўрэгуляваць газавае пытанне.

Падрыхтаваныя Беларуссю дакументы, які рэгулююць газавыя пытанні з Расеяй, пакуль не задаволілі Маскву, заявіў у інтэрв'ю ТАСС віцэ-прэм'ер урада Расеі Аркадзь Дварковіч.

«Беларускія калегі падалі праекты дакументаў, нас яны не задавальняюць. Мы ў прынцыпе мяркуем, што вялікага спеху няма і можна канчатковае развязанне пытання адкласці на пачатак наступнага года, бо да 2019 года ўключна ў нас дзейнічаюць пэўныя дамоўленасці аб кошце. Спяшацца не трэба. Але я разумею беларускіх калегаў, якія хочуць хутчэй зафіксаваць сітуацыю, таму кансультацыі прадаўжаюцца», - завіў Дварковіч.

Гаворка ішла аб узгадненні формулы кошту газу для Беларусі і стварэнні адзінага рынку газу з 2025 года.

У апошнім пытанні Дварковіч таксама прапануе не спяшацца. «У нас яшчэ няма поўнай упэўненасці што да нашых уласных планаў аб нашым рынку. Ёсць розныя прапановы, у «Газпрома» і Мінэнэрга, шмат нюансаў. Мы яшчэ не вызначыліся, а гэта непасрэдна ўплывае на нашу пазіцыю па адзіным рынку або агульным рынку, па-рознаму яго можна называць. Паколькі наш рынак самы вялікі, то, вядома, ён вызначае стан рынку ўсяго рэгіёну».

У канцы мінулага года аб тым, што перамовы наконт газу ідуць няпроста і праблема развязаная напалову, казаў і віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што красавіцкія дамоўленасці з Расеяй дазволілі напоўніцу развязаць праблему з нафтай, але перамовы наконт газу аб формуле цэнаўтварэння на 2020-2024 гады прадаўжаюцца.

Сямашка нагадаў, што ў 2017-м годзе газ Беларусь набывала па 143,6 даляра за тысячу кубаметраў, у 2018 годзе кошт складае 129 даляраў, у 2019 годзе - 127 даляраў за тысячу кубаметраў.

«Мы вядзем перамовы на прадмет формулы кошту на 2020-2024 гады, каб да 1 студзеня 2025 года выйсці на адзіны рынак газу і нафты, гэта значыць, кошт газу на мяжы Беларусі павінен быць на ўзроўні кошту газу для Смаленскай вобласці. Сёння яго кошт у 2-2,1 разы вышэйшы», - адзначыў Сямашка.

У выніку, адзначыў віцэ-прэм'ер, нягледзячы на інтэграцыйныя працэсы, беларускія вытворцы набываюць істотна даражэйшы газ, чым расейскія канкурэнты, і «немагчыма гаварыць аб роўнай канкурэнцыі».

Апошнія навіны