BE RU EN

Прафзвяз РЭП абараняе работніцу ад незаконнага пабора

  • 15.02.2018, 16:43

Актывісты прафзвязу выйгралі суд і патрабуюць вярнуць грошы супрацоўніцы сацыяльнай службы.

Ад Галіны Танюк, чальца прафзвязу РЭП з Кобрына, зноў запатрабавалі заплаціць за абавязковы медыцынскі агляд паводле накіравання з месца працы.

Уладзіміру Малею, прававому інспектару прафзвязу РЭП Берасцейскай вобласці, ужо даводзілася даказваць, што Галіна Танюк, грамадзянка Украіны, мае права бясплатна праходзіць медыцынскі агляд пры накіраванні з цэнтра занятасці, паведамляе praca-by.info.

- Тады я дайшоў да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; і толькі ў судзе другой інстанцыі мы давялі Кобрынскай лякарні, што патрабаваць грошы за медагляд - незаконна, хай нават Галіна Танюк і з'яўляецца грамадзянкай Украіны. Але мы зноўку сутыкнуліся з аналагічнай сітуацыяй!

Галіна Танюк працуе ў сацыяльнай службе, і ёй, як і ўсім, хто па абавязку службы стала кантактуе з людзьмі, трэба рэгулярна праходзіць медыцынскі агляд. Яна звярнулася ў Кобрынскую раённую лякарню і ў Кобрынскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Абедзве ўстановы запатрабавалі ад жанчыны аплаціць іх паслугі: Галіна Танюк заплаціла за неабходныя медыцынскія дакументы 27 і 21 рубель адпаведна.

Гэтыя грошы, запатрабаваныя незаконна, і мае намер вярнуць на карысць Галіны Танюк прававы інспектар прафзвязу РЭП Уладзімір Малей.

- Заканадаўства аб ахове працы дакладна вызначае, што работнікі бясплатна праходзяць гэтыя медагляды, гэта значыць, за кошт наймальніка. Але Галіна Танюк прыйшла ў паліклініку, там убачылі яе ўкраінскі пашпарт - і запатрабавалі заплаціць. Гэта парушэнне! Танюк з'яўляецца сталым работнікам; ёсць інструкцыя аб парадку праходжання медыцынскіх аглядаў, і там адназначна напісана: наймальнік павінен падаць спіс сваіх работнікаў, узгадніць даты - і работнікам для медагляду дастаткова толькі паказаць дакумент. Нічога не гаворыцца пра тое, што грамадзяне іншых дзяржаў, якія працуюць у Беларусі, павінны аплачваць абавязковы медагляд замест свайго наймальніка.

Бо ні лякарня, ні цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не вярнулі грошы ў адказ на пісьмовыя звароты, у суд Кобрынскага раёна накіраваная пазоўная заява. Даводзіць права работнікаў бясплатна праходзіць перыядычны медагляд давядзецца ў судовым парадку.

Апошнія навіны