BE RU EN

У Менску прайшоў страйк таксістаў

  • 15.02.2018, 15:19

Кіроўцы незадаволеныя новымі тарыфамі кампаніі «Таксі 135»

Каля «Чыжоўка-Арэны» ў чацвер, 15 лютага, а 15 гадзіне пачаўся страйк супрацоўнікаў службы «Таксі 135». Кіроўцы незадаволеныя новымі тарыфамі кампаніі, піша nn.by.

Літаральна за дзесяць хвілін да «Чыжоўка-Арэны» пад'ехалі 60 аўтамабіляў, кіроўцы якіх бяруць удзел у страйку. І ўвесь час пад'язджаюць новыя аўто. Прычына страйку ў тым, што служба спачатку падвысіла тарыфы для пасажыраў і адначасова - фіксаваны збор за кожны заказ у кіроўцаў. А пасля - знізіла кошт паездкі для кліентаў, але з таксістаў прадаўжае браць столькі ж, па 1,3 рубля за заказ. Кіроўцы абураюцца, што працаваць даводзіцца па 14-16 гадзін штодня без выхадных, але нават з такім графікам заробак за месяц выходзіць часам меншы за 1000 рублёў.

Пасля 40-хвіліннага абмеркавання кіроўцы вырашаюць скласці калектыўны ліст кіраўніцтву і абраць дзесяць чалавек, якія гэты зварот пасля перададуць.

Таксісты кажуць, што калі іх будуць ігнараваць, яны працягнуць забастоўку.


Праз гадзіну пасля пачатку сходу да «Чыжоўка-Арэны» пад'ехалі супрацоўнікі міліцыі. Пацікавіліся, што адбываецца і зафіксавалі нумары ўсіх забастоўшчыкаў.


Апошнія навіны