BE RU EN

#FreeSentsov: У Менску пройдзе акцыя ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра

  • 14.02.2018, 20:32

Акцыя ў падтрымку Алега Сянцова адбудзецца 26 лютага.

Беларускі ПЭН-цэнтр разам з Культурным цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай РосУзник запрашае на сустрэчу, прысвечаную Алегу Сянцову - украінскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку, паведамляе «Новы час».

У праграме: кароткая лекцыя Максіма Жбанкова пра ўкраінскі кінематограф і месца Сянцова ў ім, аповед Яны Ганчаровай пра перапіску з Алегам Сянцовым і сітуацыю з іншымі палітзняволенымі, прагляд фільма Алега Сянцова «Гамер» і дыскусія.

Сустрэча адбудзецца 26 лютага, пачатак а 20:00. Культурны цэнтр Корпус (праспект Машэрава 9, корпус 8).

Гэтае мерапрыемства будзе цікавае неабыякавым людзям з абвостраным пачуццём справядлівасці: можна будзе даведацца, хто такі Алег Сянцоў і за што ён атрымаў 20 год калоніі строгага рэжыму, а таксама што думае пра ўсё гэта сам Алег. Яна Ганчарова, якая перапісваецца з Алегам, раскажа пра ягоныя лісты. Вы не толькі даведаецеся, як дапамагчы Алегу і ягонай сям'і, але і зможаце напісаць яму ліст проста падчас сустрэчы. Паверце, лісты шмат значаць для палітзняволеных, бо ўвасабляюць вашую падтрымку і салідарнасць;

Таксама запрашаюцца аматары кіно: Максім Жбанкоў абазначыць месца Алега ў кінематографе Украіны, а таксама адкажа на пытанні гледачоў пасля прагляду дэбютнага фільма Алега Сянцова "Гамер" — стужка ўдзельнічала у міжнародных кінафестывалях і была высока адзначаная крытыкамі;

Аматары літаратуры змогуць набыць кнігу Алега (а выручаныя сродкі будуць накіраваныя сям'і Сянцова). Апавяданні Алега Сянцова ўпершыню будуць прэзентаваныя па-беларуску.

Увага: для таго, каб набыць кнігу, футболку ці байку, трэба да 21 лютага пакінуць перадзамову.

Сустрэча пройдзе ў межах сусветнай акцыі, арганізаванай PEN America 26 лютага, у гадавіну анэксіі Крыма. У гэты дзень ва ўсім свеце пройдуць чытанні, пратэсты і іншыя мерапрыемствы ў падтрымку Алега Сянцова і іншых палітычных зняволеных, якія адбываюць тэрміны ў Расеі.

Апошнія навіны