Экс-дэпутат Дзярждумы: Баевікоў «ДНР/ЛНР» фінансаваў сын Януковіча
- 14.02.2018, 17:15
Фінансаванне адбывалася на патрабаванне Крамля.
Тэрарыстычныя арганізацыі «ЛНР» і «ДНР» на першых этапах іх стварэння фінансаваў сын Віктара Януковіча Аляксандр са сродкаў, якія ён атрымаў ад Крамля за схіленне тагачаснага прэзідэнта да адмовы ад Еўраасацыяцыі. Пра гэта заявіў журналістам экс-дэпутат Дзярждумы Ілля Панамароў пасля допыту ў Абалонскім райсудзе Кіева, паведамляе «Укрінфарм».
«Паводле той інфармацыі, якая ў мяне ёсць, першачарговы этап таго, што там адбывалася з утварэннем «ЛНР» і «ДНР», фінансаваўся канкрэтна Аляксандрам (Януковічам, - рэд). Чаму? Таму што ў гэтым свеце на мове, зразумелай вашаму былому прэзідэнту, яму зрабілі напамінак аб тым, што «мы табе грошай адгрузілі, а ты не выканаў свае абавязацельствы, дык давай, рабі нешта карыснае для нас», - сказаў Панамароў.
З ягоных слоў, патрабаванні Крамля палягалі ў тым, што Януковіч застаецца прэзідэнтам, Украіна не ідзе ў ЕЗ і NATO, застаецца ў расейскай сферы ўплыву.
«Як следства, ён (Януковіч - рэд.) страціў уладу, і краіна рэзка «хіснулася» ў бок Захаду. Гэта значыць, стала не лепш, а горш. І казалі, што гэта якраз вынік няўмелых дзеянняў прэзідэнта. Што ён сам сваімі рукамі расхістаў сітуацыю», - адзначыў Панамароў.
Раней у судзе Панамароў заявіў, што Крэмль заплаціў $1 млрд за тое, каб асяроддзе Януковіча схіліла яго да адмовы ад Еўраасацыяцыі.
Адвакат Віталь Сярдзюк выказаў пратэст, бо нібыта гэтыя грошы атрымаў не Януковіч, а Украіна ад продажу дзяржаўных аблігацый.
Але Панамароў адзначыў, што так званы продаж аблігацый быў «класічнай інсайдэрскай угодай», якая дазволіла ўзбагаціцца сыну Януковіча Аляксандру. На фондавым рынку ў РФ удзельнічаў адзін найбуйнейшы інвестыцыйны фонд Templeton, таксама было яшчэ некалькі аперацый з дысконтам праз іншыя фонды, заявіў экс-дэпутат Дзярждумы, дадаўшы, што ў некаторых краінах такія ўгоды з'яўляецца крыміналам.