BE RU EN

Менскія таксісты рыхтуюць страйк

  • 14.02.2018, 17:05

Кіроўцы менскіх таксовак «135» незадаволеныя новымі тарыфамі кампаніі.

На 15 лютага запланаваны страйк таксістаў, якія працуюць на службу «135». Кіроўцы незадаволеныя новымі тарыфамі кампаніі.

Пра прычыны страйку nn.by распавёў адзін з кіроўцаў:

«Амаль увесь мінулы год мы вазілі пасажыраў па 60 капеек за кіламетр. Потым кошты збіраліся падымаць, прычым, была дамоўленасць паміж службамі 135, 152 і «Алмаз 7788» (найбуйнейшы дыспетчар таксовак, яго кантралюе бізнэсовец Віктар Пузікаў. - заўв.). У выніку падвысіла кошты толькі наша кіраўніцтва. Стала 70 капеек за кіламетр, - кажа суразмоўца. - Але дырэктар службы моцна пакрыўдзіўся на канкурэнтаў і наважыўся дэмпінгаваць. Ён панізіў кошты, цяпер у нас пасадка каштуе 4,5 рубля, а кіламетр - 55 капеек. Гэта тыя ж тарыфы, што і ў «Алмаза», але нашы аўто лепшыя і лепшае абслугоўванне. Пры аднолькавых коштах кліенты пойдуць да нас».

Галоўная прэтэнзія кіроўцаў да Радкевіча ў тым, што тарыфы знізілі, а з таксістаў за заказы бяруць столькі ж.

«Калі кошты падвышалі, з нас таксама сталі браць больш - па 1,3 рубля за заказ. А цяпер тарыфы знізілі, а з нас бяруць усё адно па 1,3, - абураецца кіроўца. - Калі дырэктар нам рэжа тарыфы, хай і сабе нешта зрэжа. Я працую па 14-16 гадзін штодня. Зусім без выходных, абсалютна. За месяц такой працы зарабляю 400-500 даляраў».

Са слоў суразмоўцы, у страйку плануюць узяць удзел як мінімум 400 таксістаў. Усяго ж у службе таксовак «135» працуе блізу 1300 чалавек.

Дадамо, што «Uber» бярэ з пасажыраў 37 капеек за кіламетр.

Апошнія навіны