У Падмаскоўі загінулі два беларускія будаўнікі
- 14.02.2018, 14:14
12 лютага іх целы знайшлі ў падмаскоўнай кватэры, дзе яны праводзілі рамонт.
Расейскія следчыя высвятляюць акалічнасці смерці двух беларускіх працаўнікоў. 12 лютага іх целы знайшлі ў падмаскоўнай кватэры, дзе яны праводзілі рамонт. Падрабязнасці паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Расеі, піша tut.by.
Уладальнік дома ў Шчолкаўскім раёне ў Падмаскоўі наняў двух беларусаў, каб тыя выканалі аздобныя працы ў доме. У адзін з візітаў дзверы ніхто не адчыніў.
Унутры знайшлі целы мужчын. Побач на стале - амаль пустая пяцілітровая бутэлька з-пад незамярзальнай вадкасці для аўто. Такую вадкасць знайшлі і ў рондалі на пліце.
«Падчас агляду дома следчымі ўстаноўлена, што агульны парадак не парушаны, сляды барацьбы, бойкі, валачэння ў доме адсутнічаюць, усе каштоўнасці і рэчы знаходзяцца ў захаванасці», - паведамляе ўправа СК Расеі Маскоўскай вобласці.
Папярэдняй прычынай смерці названае атручэнне невядомым рэчывам. Узоры вадкасці вывучаць экспэрты, таксама прызначаная судова-медыцынская экспэртыза.
Гэта ўжо другі за люты трагічны выпадак з беларускімі будаўнікамі ў Расеі. Раней у адным з жылых комплексаў Масквы былі забітыя двое мужчын. Там беларусы працавалі яшчэ з трыма расейцамі, якіх адшукваюць.