BE RU EN

Генадзь Фядыніч: Я запрасіў следчых на нашу акцыю 1 траўня

  • 13.02.2018, 17:39

Нягледзячы на »справу прафзвязаў», РЭП прадаўжае сваю працу.

Кіраўнік прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч распавёў «Народнай Волі» пра перспектывы «справы прафзвязаў».

Нагадаем, што бухгалтар прафзвязу РЭП Ігар Комлік знаходзіўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць яго і старшыні прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча паводле ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва значнай суме).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, падчас праверкі ў рамках распачатай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафзвязу рахункі ў замежных банках, на якія стала паступалі значныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены са следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе.

Цяпер да «справы прафзвязаў» далучыліся новыя следчыя і дапытваюцца сотні людзей у рэгіёнах, звязаныя з прафсаюзнай дзейнасцю.

- Учора даведаўся, што следства ў справе падоўжанае да 1 траўня - кажа Генадзь Фядыніч. - Сказалі, што, маўляў, следчыя не паспяваюць апрацаваць усе звесткі, атрыманыя пасля экспэртызы нашай кампутарнай тэхнікі, допыту калегаў. Адным словам, ім патрэбны яшчэ час.

- Гэта праўда, што змянілася следчая група, якая займалася вашай справай?

- Так. Спачатку там былі тры чалавекі (яны вялі справу амаль паўгода), але цяпер гэтым будуць займацца два новыя следчыя. І зноў жа ўзнікае пытанне: чаму, калі вы не спраўляецеся з аб'ёмам інфармацыі, следчая група скарацілася? Нам гэта патлумачылі так: пастанову прымала кіраўніцтва.

- Ці прадаўжаюцца допыты актывістаў вашага прафзвязу?

- Трэба сказаць, што на гэты момант дапыталі ўжо больш за 250 чалавек ва ўсёй краіне, і працэс прадаўжаецца. Мы звярталіся ў Генпракуратуру, паказвалі, што гэта ненармальная сітуацыя, але адтуль зварот накіравалі ў Следчы камітэт. Таму цяпер ужо звярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі.

- Сімвалічна, што следства прадоўжыцца да 1 траўня. У гэты дзень ваш прафзвяз, наколькі вядома, плануе правядзенне акцыі...

- Так, і мы нават жартам прапанавалі следчым далучацца. Мне адказалі коратка: «Мы не ходзім на такія мерапрыемствы». Я яшчэ дадаў, што ў такім выпадку яны могуць быць запрошаныя ў якасці ганаровых гасцей...

Апошнія навіны