BE RU EN

Віцебскі кіроўца: Жанчын у сваёй прафесіі сустракаю ўсё часцей і часцей

  • 12.02.2018, 12:41

Як жыве і працуе кіроўца фургону з Віцебска.

За чатыры гады фура для Сяргея стала сапраўдным домам. Адпачынак у кіроўцы доўжыцца 30-40 дзён, а жыццё за стырном - блізу 70, піша «Віцебскі кур'ер».

Паводле прафесіі Сяргей тэхнік-праграміст, да таго як здаў на катэгорыі «С» і «Е» і пайшоў у кіроўцы, працаваў на чыгунцы электраманцёрам. Заробак быў прыстойны, але хацелася большага. Са слоў Сяргея, у нашай краіне такіх грошай нідзе не заробіш. Колькі гэта канкрэтна? Сціпла замоўчвае.

Працоўныя месцы кіроўцаў фургона

- У пачатку гэтага шляху было вельмі цяжка. Пакуль звык да кіравання такой буйнагабарытнай машыны, навучыўся праходзіць мяжу, афармляць дакументы. Здараліся паломкі, даводзілася проста на дарозе рамантаваць самому аўто. Неаднаразова плаціў штрафы. Дагэтуль ёсць цяжкасці з замежнымі мовамі, - распавядае кіроўца.

За плюсам у такой нялёгкай працы Сяргей уважае магчымасць не толькі зарабіць добрыя грошы, але і пабываць у розных краінах свету, завесці новыя знаёмствы. Беларусь, Расея, Літва, Латвія, Польшча, Казахстан, Нямеччына, Італія, Аўстрыя, Чэхія, Балгарыя, Румынія, Вугоршчына, Бэльгія, Галандыя, Францыя, Гішпанія, Партугалія - краіны, у якіх кіроўца быў ужо не раз і не два.

У ДАРОЗЕ.

Мінус у тым, што вельмі рэдка бачыш сваіх бацькоў, сваякоў і сяброў.

- Калі я пасля адпачынку зноў з'язджаю ў рэйс, першыя пару тыдняў вельмі сумую. Потым звыкаю і ні пра што акрамя працы не думаю. Сваё 25-годдзе адзначаў у дарозе (за стырном), на Новы год, Вялікдзень, Дзень перамогі, вяселлі і дні нараджэнні дзяцей сяброў у мінулым годзе не трапіў. Як на зло, на ўсе даты быў у рэйсе, - дзеліцца Сяргей.

Як і на кожнай іншай працы, у Сяргея ёсць выходныя. Пасля першага працоўнага тыдня кіроўца спыняецца на 24 гадзіны на стаянцы для адпачынку. Пасля другога тыдня - на 45-й гадзіне. Калі не будзеш выконваць такі графік, лічыцца, што ты парушаеш рэжым працы і адпачынку. У Еўропе за гэта даюць вялікія штрафы. Дарэчы, працуе Сяргей, вядома ж, не адзін, а з напарнікам. Раней Ігар (напарнік Сяргея) жыў з ім на адной лесвічнай пляцоўцы. Цяпер там жыве ягоная маці.

НА СТАЯНЦЫ. ВЫХОДНЫ.

Яшчэ блізу 20 знаёмых Сяргея працуюць кіроўцамі. Нехта ідзе на такую працу, каб зарабіць грошай на кватэру, аўто, будаўніцтва, а хтосьці, каб забяспечваць сям'ю, каб жонка і дзеці ні ў чым сабе не адмаўлялі, а хто і ад безвыходнасці, бо не можа знайсці добрую працу з прыстойным заробкам. У самога Сяргея сям'і пакуль няма, кватэра ўжо ёсць, аўто купіў.

- Я зарабляю для сябе, хачу назбіраць грошай на будучыню. Такая праца не назаўжды ж. Сам я планую працаваць кіроўцам гадоў да 30. А далей будзе відаць. Адно дакладна ведаю, як толькі з'явіцца каханая дзяўчына, а затым утворыцца свая сям'я, з фуры злезу, - распавядае малады чалавек.

Цяпер Сяргею 26 гадоў, а гэта значыць, што калі ўсё і далей будзе ісці ягоным планам, то 4 гады ён яшчэ будзе калясіць па розных краінах і гарадах.

Наш герой развеяў міф пра тое, што кіроўцы дрэнна харчуюцца. Сяргей распавёў, што заўсёды стараецца есць смачную, карысную ежу, якую гатуе сам. У яго меню ёсць розныя гарніры, мясныя стравы і нават супы. Некалькі дзён таму хлопец смажыў вось такія катлеткі.

КАТЛЕТЫ АД КІРОЎЦЫ ФУРЫ.

- Быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў за стырном фуры дзяўчат. Камунікаваць мне з імі яшчэ не даводзілася. Але кожны раз жанчын у сваёй прафесіі сустракаю ўсё часцей і часцей. Некаторыя працуюць на пару са сваімі мужамі, - кажа кіроўца.

Сяргей назваў некалькі якасцяў, якімі павінен валодаць сапраўдны кіроўца фуры: цярплівасць, спакой, стрэсаўстойлівасць, а самае галоўнае - уважлівасць.

Неабходна адзначыць, што такое працаўладкаванне з'яўляецца афіцыйным. Фірма, у якой ужо 4 гады працуе Сяргей - літоўская. Першы год ён ездзіў выключна за кошт адкрытай візы, потым атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве.

НА АДНОЙ СА СТАЯНАК ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЦІ. ФОТА ДАР'І БРЫГ.

- Усё, што зарабляю, усё маё. Магу сказаць адно, прафесія цяжкая, але ў плане грошай гэта таго варта.

Апошнія навіны