BE RU EN

Ірына Халіп узнагароджаная ордэнам «За мужнасць»

На цырымоніі журналістка заклікала да салідарнасці з заблакаваным у Беларусі сайтам «Хартыя-97».

У Маскве 31 студзеня прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі Андрэя Сахарава «За журналістыку як учынак» і ордэна «За мужнасць».

Ордэнам Сахарава «За мужнасць» былі ўзнагароджаныя 22 журналісты, публіцысты, блогеры з Расеі, Украіны, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і Азербайджана, якія зазналі пераслед з боку ўладаў за выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Сярод узнагароджаных - вядомая беларуская журналістка, карэспандэнтка расейскай «Новай газеты» ў Менску і аўтарка сайта Charter97.org Ірына Халіп.

Ірына Халіп падзякавала заснавальнікам прэміі і арганізатарам цырымоніі ўзнагароджання за гэтую прэстыжную ўзнагароду.

«Сярод узнагароджаных пасмяротна ёсць і мае калегі з «Новай газеты», - сказала Ірына Халіп. - Я дагэтуль плачу, калі іх ўспамінаю, і разумею, што мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб нам больш не давялося плакаць над магіламі сваіх калег і сяброў.

Рэжымы ў Беларусі і Расеі - як сазлучаныя пасудзіны, яны спаборнічаюць у тым, каб узяць адна ў адной толькі самае горшае. Журналісты адкрыта пра гэта кажуць, таму такія рэжымы і ўзмацняюць супраць іх рэпрэсіі. Супрацьстаяць ім дапамагае нашая салідарнасць.

У турме цябе палохаюць тым, што ты нікому не патрэбны, што пра цябе ўсё забыліся, таму нашая задача - не забываць. Пісаць і казаць пра ўсіх, хто змагаецца з несправядлівасцю і за гэта зазнае рэпрэсіі, пісаць аб парушэннях правоў чалавека. Увесь час казаць, не пакідаць ніводзін такі выпадак як учарашнюю навіну.

У Беларусі сёння заблакавалі самы папулярны незалежны сайт Charter97.org. Усе сусветныя СМІ адрэагавалі на гэты наступ на свабоду слова. Мы абавязаныя пра гэта казаць увесь час. У Расеі тыя ж праблемы, і разам мы павінны бараніць сваё права на тое, каб свабодна і наўпрост размаўляць са сваімі чытачамі».

Прэмія імя А.Д.Сахарава «За журналістыку як учынак» заснаваная ў 2001 годзе прадпрымальнікам і праваабаронцам Хельсінскай групы Пятром Вінсам у якасці падзякі акадэміку Сахараву за падтрымку падчас пераследу савецкім рэжымам сям'і Пятра.

У 2017 годзе з ініцыятывы арганізатараў для сапраўдных змагароў за праўду быў заснаваны ордэн «За мужнасць».

Апошнія навіны