BE RU EN

На акцыі «жоўтых камізэлек» у Францыі пагромшчыкам крычалі «Назад!» па-расейску

  • 9.12.2018, 19:35

У сацсетках апублікавалі відэа, як «жоўтыя камізэлькі» б'юць вокны ў дамах недалёка ад Трыюмфальнай аркі ў Парыжы.

У нейкі момант чуваць, як пагромшчыкам крычаць "Назад! Назад!" на расейскай мове, пасля чаго яны пачынаюць адступаць. Запіс апублікаваны на YouTube 9 снежня. Яго таксама публікаваў італійскі студэнт факультэта міжнародных дачыненняў, які піша ў Twitter пад псеўданімам MrRevinsky, паведамляе gordonua.com.

У сувязі з пастановай урада Францыі падняць з 2019 года падатак на дызельнае паліва і бензін у Францыі ў сярэдзіне лістапада пачаліся акцыі пратэсту. Мітынгоўцы заяўлялі, што падвышэнне прывядзе да росту коштаў, ва ўрадзе растлумачылі гэтыя планы барацьбой за ахову навакольнага асяроддзя.

Пратэстны рух атрымаў назву "жоўтыя камізэлькі", бо мітынгоўцы апранутыя ва флуарэсцэнтные камізэлькі, якія павінны быць ва ўсіх аўтамабілях Францыі.

1 снежня пратэсты перараслі ў беспарадкі. Мітынгоўцы кідалі камяні, будавалі барыкады, пераварочвалі і падпальвалі аўтамабілі. Паліцыя ўжыла слёзацечны газ і вадзяныя гарматы. Дэманстранты таксама размалявалі сцены Трыюмфальнай аркі і пашкодзілі яе статуі.

5 снежня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон на фоне масавых акцый пратэсту адмовіўся ад планаў падняць падатак на паліва. Аднак пратэсты не спыніліся.

У Службе бяспекі Украіны заявілі, што за спінамі мірных дэманстрантаў у Францыі дзейнічалі радыкалы, якіх падтрымлівае РФ.

Са звестак на 9 снежня, праваахоўнікі затрымалі 1723 дэманстрантаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі пратэстаў "жоўтых камізэлек". Пацярпелі за час пратэстаў больш за 100 чалавек.

Апошнія навіны