BE RU EN

На Мікалая Дзядка завялі адміністрацыйную справу за допіс у «Фэйсбуку»

  • 8.12.2018, 21:51

Абсурднасць сітуацыі дзівіць.

"Новы час" паведамляе, што на журналіста выдання, былога палітвязня Мікалая Дзядка заведзена адміністрацыйная справа паводле арт 17:11 КоАП (Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) за допіс у фэйсбуку. 7 снежня ён знайшоў пратакол у паштовай скрыні. Паведамляецца, што справа была накіраваная ў суд. Аднак ці было пасяджэнне - невядома.

"Прыйшоў дадому і даведаўся, што Фрунзенскі РУУС ужо два тыдні шле мне «лісты шчасця». 25 лістапада на мяне быў складзены пратакол паводле ч.2 артыкула 17:11 КоАП. Зноў за "дэманстрацыю нацысцкай сімволікі". Гэтым разам я прадэманстраваў сімволіку Misantropic Division - чэрап з аўтаматамі. Спрабуючы ўзгадаць, калі і дзе я гэта рабіў, я залез у ФБ і знайшоў. Выява за ліпень 2016 - ілюстрацыя да допісу, у якім я крытыкую людзей за тое што яны стаяць побач з нацыстамі (!! !). У фота падаю абгрунтаванне сваіх слоў. Разумееце шарм сітуацыі?" - напісаў Мікалай Дзядок на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Разважаючы пра тое, што магло справакаваць міліцыянтаў на складанне пратаколу, Мікалай успамінае свой удзел у флэшмобе # СтанемЗаЖурналістаў. Хоць, на ягоную думку, усё магло быць проста планавым мерапрыемствам супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

У ліпені Мікалай Дзядок ужо быў затрыманы паводле абвінавачвання ў «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» - таксама ў фэйсбуку. Тады АМАП затрымаў яго каля дома, а суддзя Ганна Буйноўская выпісала 10 базавых адзінак штрафу за выявы, якія высмейваюць нацызм. Мікалай Дзядок, каментуючы чарговы пратакол, адзначае:

«Звяртае на сябе ўвагу, што на мяне мэтанакіравана складаюць пратаколы менавіта паводле артыкула «Дэманстрацыя нацысцкай сімволікі». Гэта, безумоўна, сістэмная спроба дыскрэдытацыі. Бо на мяне як на анархіста можна скласці пры жаданні пратакол паводле іншых артыкулаў, аднак выбіраецца менавіта гэты. Разлік тут просты: у грамадстве, дзякуй Богу, нацызм усё яшчэ ўважаецца за дрэнны. А таму супрацоўнікі ГУБАЗіК мяркуюць, што калі працягваць вінаваціць мяне ў «дэманстрацыі нацысцкай сімволікі», то можна пераканаць кагосьці ў тым, што я прыхільнік нацысцкіх поглядаў. Гэта значыць, яны ўважаюць грамадзянскую супольнасць і СМІ, усіх акрамя сябе, за дурняў, якія не здольныя разабрацца, што да чаго.

Ну і, вядома, відавочна мэтанакіраваны ціск. Каб я ніколі не мог расслабіцца. Відавочна, што калі б не было гэтай выявы ў фэйбуку, прыдумалі б нешта іншае. Ёсць грамадзянская актыўнасць - ёсць рэакцыя, няма актыўнасці - няма рэакцыі. А фоткі тут справа дзясятая.

Цяпер Мікалай Дзядок мае намер высветліць, ці адбыўся ўжо суд. «Калі суд ужо адбыўся, буду, вядома, абскарджваць пастанову. Бо тут прыкметы ўжо не толькі судовага беззаконня, але і мэтанакіраванага пераследу», - напісаў актывіст.

Апошнія навіны