BE RU EN

Мікалай Статкевіч: Як толькі сітуацыя зменіцца, беларусы вернуцца на Радзіму

  • 7.12.2018, 15:44

Дэкрэт аб «дармаедах» будзе скасаваны.

Прызначаныя «дармаедамі» паўмільёна нашых суграмадзян - гэта людзі, якія не знайшлі годнай працы ў дэградаванай дзякуючы «мудраму» кіраўніцтву беларускай эканоміцы. Большая частка з іх вымушаная выязджаць на часовую або сталую працу ў больш паспяховыя краіны, піша ў «Фэйсбуку» адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Адтуль яны не толькі матэрыяльна забяспечваюць сябе і свае сем'і на Радзіме. Сваімі шматлікімі сотнямі мільёнаў даляраў, што перасылаюцца або прывозяцца ў Беларусь, яны падтрымліваюць станоўчае сальда аплатнага балансу краіны і ўтрымліваюць на плыву беларускі рубель.

З досведу суседніх краін ЕЗ мы ведаем, што пераважная большасць эканамічных мігрантаў вяртаецца на Радзіму, як толькі там паляпшаецца эканамічная сітуацыя і павялічваецца заробак. Яны вяртаюцца з новымі працоўнымі навыкамі, ведамі перадавых тэхналогій або нават з базавым капіталам для арганізацыі бізнэсу. І даюць адчувальны штуршок развіццю сваіх краін.

Сваімі дэкрэтамі дыктатар ператварае беларускае грамадзянства ў цяжар, прымушае эканамічных мігрантаў пазбаўляцца ад яго ўсімі спосабамі. Ён прымушае іх уладкоўвацца на чужыне разам са сваімі сем'ямі і закрывае ім магчымасць вяртання.

Такім чынам дыктатара назаўжды выштурхоўвае з краіны найбольш дынамічную частку народа. Што непазбежна прывядзе да дэградацыі нацыі і дзяржавы. Кітайцамі ён плануе нас замяніць, ці што?

Мы расцэньваем чарговую спробу ўлады ўвесці ў дзеянне дэкрэт аб «дармаедах», як вельмі небяспечнае для будучыні Беларусі дзеянне. Найбліжэйшым часам Народная Грамада абмяркуе цяперашнюю сітуацыю і прыме пастанову пра спосабы процідзеяння небяспечным планам улады.

Апошнія навіны