BE RU EN

10 фільмаў 1990-х, якія ніколі не страцяць актуальнасці

  • 3.12.2018, 12:33

Гэтыя карціны не маюць патрэбы ў новых версіях.

Вось 10 фільмаў розных жанраў з 1990-х, якія, на мой погляд, ніколі не страцяць актуальнасць, піша журналіст «Новое время» Аляксей Бондараў.

«Маўчанне ягнят» (1991)

Легендарны трылер паводле рамана Томаса Гарыса, які дагэтуль застаецца неперасягнутым шэдэўрам у сваім жанры. І дзякуючы выдатнаму сцэнару, які (не лічачы канцоўкі) ў цэлым беражліва ставіцца да арыгінальнага літаратурнага матэрыялу. І дзякуючы выдатнай рэжысуры Джонатана Дэмэ (чаго вартая хоць бы пастаноўка дыялогаў з акторамі, якія глядзяць проста ў камеру). І дзякуючы бездакорным акцёрскім працам Энтані Гопкінса і Джодзі Фостэр.

«Асноўны інстынкт» (1993)

Фільм канчаткова зарэгістраваў «развод» Галівуду з традыцыйнымі маральнымі вартасцямі ў кіно. Ашалелы паліцыянт-алкаголік заводзіць раман з пісьменніцай, якая, мяркуючы з усяго, забівае сваіх палюбоўнікаў. Найлепшы твор галандца Пола Вэрховэна ў Галівудзе, знакавая роля Шэран Стоўн, якая ўславіла ейнае імя ў кіно.

«Дагрукацца да нябёсаў» (1997)

Нямецкі фільм пра двух смяротна хворых людзей, якія наважваюць пад канец трохі пагарэзіць, у свой час называлі еўрапейскім адказам на «Крымінальнае чытво».

Але час расставіў усё па сваіх месцах. Дагрукацца да нябёсаў - гэта несмяротная сага пра любоў да жыцця, адзін з самых аптымістычных і жыццесцвярджальных фільмаў усіх часоў. Прычым, гэта той выпадак, калі складаная філасофская тэма падаецца без артхаўснага патасу, а ў выглядзе камедыйнага шлягера, які можа ўпадабаць нават вельмі непатрабавальны гледач.

«Форэст Гамп» (1994)

Любіць гэты фільм стала апошнім часам нават неяк непрыстойна. Зазвычай яго называюць у ліку сваіх улюбёных фільмаў усіх часоў прыкладна 99% людзей на планеце Зямлі. Але фільм ад гэтага горшы не становіцца. Гэта фактычна філасофская прыпавесць пра сэнс жыцця, ахайна ўплеценая ў сацыяльную гісторыю ЗША 1960-1980-х. І Том Гэнкс мог бы больш нічога не граць, і ўсё роўна ўважаўся б за цудоўнага актора.

«Гульня» (1997)

З усіх фільмаў Дэвіда Фінчэра я больш за ўсё люблю менавіта гэты. Рэжысёр здатны дасягнуць неймавернага напружання і стварыць атмасфэру саспэнса, якой пазайздросціў бы сам Гічкок. Сапраўдны трылер не канешне завязаны на лужынах крыві і адцятых канцавінах. Невядомасць палохае нашмат больш.

«Місіс Даўтфайр» (1993)

Несмяротная камедыя пра чалавека, які страціў сям'ю, і спрабуе за ўсякую цану зноў здабыць любоў сваіх дзяцей. Казка пра чалавечнасць, любоў, спагаду. І, вядома, гэта папросту вельмі смешная і добрая камедыя, на 90% абавязаная сваім поспехам акторскаму генію Робіна Уільямса.

«Дзяўчына на мосце» (1999)

Французская чорна-белая меладрама пра дзяўчыну, якая хацела парахавацца з жыццём, але сустрэла цыркача, які ўпрасіў яе стаць ягонай партнёркай у штуцы з кіданнем нажоў.

Гэта вельмі глыбокі фільм пра блізкасць двух людзей. Пра блізкасць, якая нашмат больш інтымная, чым сэкс. Фільм, які спрабуе зразумець, што такое каханне як такое.

І калі вам здаецца ўдалым саладжавы дуэт Раян Гослінг і Эмы Стоўн з Ла Ла Ленд, то паглядзіце «Дзяўчыну на мосце». Даніэль Атой і Ванэса Парадзі - вось сапраўды гэта экранная хімія.

«Скала» (1996)

Не, я не з’ехаў з глузду. І фільм Майкла Бэя апынуўся ў гэтым спісе зусім не праз памылку. «Скала» - гэта вяршыня галівудскага экшна 1990-х. Тут папросту цудоўны дынамічны сцэнар, у якім прымудрыліся добра прапісаць нават трэцярадных персанажаў, не кажучы ўжо пра другарадных і галоўных. Тут цудоўныя страляніна і баявыя сцэны (яны зусім не здаюцца састарэлымі нават праз 20 гадоў). А яшчэ тут - выдатныя акцёры, харызма якіх часам яскравейшая за самыя добра прамаляваныя выбухі на экране. Яскравейшыя за ўсіх, вядома, Шон Конэры і Эд Гарыс. І нават Нікалас Кейдж тут зксім неблагі.

«Дзень сурка» (1993)

Такі ж фільм апрыёры ў спісе самых улюбёных фільмаў у мільёнаў людзей ва ўсім свеце. І нездарма. Гісторыя пра чалавека, які затрымаўся ў адным панылым дні і здолеў выбрацца з яго, толькі калі пераасэнсаваў сваё жыццё, з'яўляецца магутным філасофскім пасланнем у прыемнай камедыйнай абгортцы.

Такім быў Галівуд калісьці. Важныя рэчы апавядаліся ў даступнай форме, весела і з агеньчыкам.

«Целаахоўнік» (1992)

Узор класічнай галівудскай меладрамы і эпічнага сторытэлінгу. У падмурку фільма - бездакорны сцэнар, гісторыя захапляе, развіццё сюжэту лагічнае і запраўленае пэўнай дэтэктыўнай інтрыгай, канец ня размазаны. І ўсё гэта аздоблена добрымі акторскімі работамі і цудоўнай музыкай. Баюся падацца банальным, але ўсё ж гэтая фраза так і рвецца вонкі: «цяпер так не здымаюць».

Апошнія навіны