BE RU EN

Жыхары Судана ўжо тыдзень патрабуюць адстаўкі сябра Лукашэнкі

  • 29.12.2018, 20:24

Пратэсты ахапілі шэраг гарадоў.

Сілы бяспекі Судана ў пятніцу ўжылі слезацечны газ і гукавыя гранаты супраць пратэстоўцаў недалёка ад Хартума, паведамляе агенцтва Рейтер.

Як паведамляецца, паліцыянты спрабавалі разагнаць блізу 400 дэманстрантаў, якія сабраліся каля мячэці пасля пятнічнай малітвы ў горадзе Амдурмане.

Раней улады Судана паведамілі, што 19 чалавек загінулі, 397 пацярпелі за тыдзень падчас антыўрадавых пратэстаў. Пры гэтым праваабарончая арганізацыя Amnesty International паведамляла, што ў выніку сутыкненняў з сіламі бяспекі за пяць дзён дэманстрацый загінулі 37 пратэстоўцаў.

Пратэсты ў Судане працягваюцца з сярэдзіны мінулага тыдня. Першымі на вуліцы выйшлі жыхары местаў Гедарэфа і Атбары. У шэрагу гарадоў уведзены рэжым надзвычайнага становішча. Непарадкі выбухнулі на фоне росту кошту хлеба. Пры гэтым ужо некалькі тыдняў шэраг местаў краіны сутыкаецца з нястачай хлеба, ля пякарняў становяцца чэргі.

Нагадаем, шматгадовы кіраўнік Судана Амар Гасан Агмад аль-Башыр знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі праз абвінавачванні ў ваенных злачынствах і этнічных чыстках. Але ў той жа час знаходзіць падтрымку і разуменне ў сваіх калег-дыктатараў. Надоечы кіраўнік Судана наведаў Менск, дзе сустрэўся з Лукашэнкам.

Апошнія навіны