Як беларус напісаў партрэт брытанскай каралевы
- 26.12.2018, 20:01
Брытанская газета Daily Express распавяла пра беларускага мастака, які напісаў самы ранні партрэт каралевы.
Брытанская газета Daily Express склала спіс найлепшых партрэтаў каралевы Лізаветы Другой, даступных для публікі.
Самым раннім у гэтым пераліку аказалася выява Яе Вялікасці, зробленая ў 1948 годзе - калі яна была яшчэ не каралевай, а прынцэсай, паведамляе belmir.by.
Карціна гэтая аўтарства ўраджэнца Беларусі Савелія Сорына - мастака, які шмат ездзіў па свеце і напісаў партрэты многіх вядомых людзей, у тым ліку Максіма Горкага і Ганны Паўлавай.
Звычайна партрэт недаступны для шырокай публікі, бо ўвесь час знаходзіцца ў лонданскай каралеўскай рэзідэнцыі Кларэнс-хаўс.
Аднак цяпер партрэт выстаўлены на агляд, бо з'яўляецца часткай экспазіцыі ў каралеўскай галерэі Букінгемскага палаца, які будзе дзейнічаць да 28 красавіка.
Як паведамляе Wikipedia, Сорын нарадзіўся ў 1878 годзе ў Полацку ў небагатай габрэйскай сям'і. Бацька быў краўцом, маці належала да секты малакан. У 16 гадоў пайшоў з дому, жыў у Туле, Арле, Адэсе.
Вучыўся ў Адэскай мастацкай школе, у Вышэйшай вучэльні жывапісу, скульптуры і архітэктуры пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў і ў майстэрні Іллі Рэпіна.
Пасля рэвалюцыі з'ехаў у Ялту, пасля ў Тыфліс, затым пераехаў у Парыж, а падчас Другой сусветнай вайны пасяліўся ў ЗША. Памёр 22 лістапада 1953 года ў Нью-Ёрку.
У 1902 годзе яшчэ вучнем Сорын напісаў партрэт Максіма Горкага, і хутка набыў рэпутацыю цудоўнага партрэтыста.
У далейшым яму пазіравалі Фёдар Шаляпін, Ганна Ахматава, Ліліян Гіш, Элеанора Дузе, княгіня Вольга Арлова і іншыя вядомыя асобы.
Карціны мастака ёсць у калекцыях Люксембургскага музея ў Парыжы, Бруклінскага музея ў Нью-Ёрку, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі і іншых буйных музеяў.