BE RU EN

Кім былі князі, якія сталі героямі паданняў нашых продкаў

  • 2.12.2018, 19:11

Cамыя незвычайныя прадстаўнікі беларускай шляхты.

Калі кажуць пра дзівацтвы беларускіх (ліцвінскіх) магнатаў, то канечне ўспамінаюць балачкі пра тое, як Радзівіл Пане Каханку, вялікі мантач і аматара пагуляць, вазіў палюбоўніц улетку шляхам, пасыпаным соллю. Але гісторыя захавала імёны іншых дзівакоў, якія ў далёкія часы здаваліся простым аратым і пастухам чарадзеямі і чараўнікамі, піша «Літвін».

Між тым дзівацтвы магнатаў не заўсёды мелі пад сабой прычыну абуджаны інстынкт або жаданне падкрэсліць сваё багацце. Багата прадстаўнікоў магнацкіх родаў, у тым ліку і прадстаўнікі роду Радзівілаў, хацелі дабра свайму народу.

Сапраўды, адной меркай нельга вымераць і жорсткіх тыранаў, забойцаў, і асветнікаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, хоць і тыя і іншыя паходзілі з арыстакратычных колаў Вялікага княства Літоўскага.

Князь Радзивилл Пане Коханку

На фоне сваіх сучаснікаў князь Мацей Радзівіл, падкаморы вялікі літоўскі (1786-1790) і астатні кашталян віленскі (1790-1795) здаецца ці не радыкальным бунтаром. Ён шчыра марыў аб роўнасці і вяршэнстве справядлівых законаў, якія зробяць жыццё ў родным краі больш разумным, творчым.

Таму і падтрымаў князь выдатную Канстытуцыю 3 траўня 1791 года, якую прыняў польскі сойм. Гэта была першая Канстытуцыя ў Еўропе, якая смела ламала станавыя рамкі.

Мацей устаў пад сцягі патрыётаў, якіх аб'яднаў вакол сябе Тадэвуш Касцюшка. Княжацкія скарбы былі аддадзены на фармаванне ўзброеных аддзелаў у абарону рэвалюцыі 1794 года. Мацей Радзівіл ахвотна раздаваў вольныя ўсім сваім сялянам, якія паўставалі на барацьбу з царскімі войскамі.

Імкненне да вольнасці і абарона роднай краіны асудзілі князя-рэвалюцыянера на пераслед царскімі саноўнікамі. У яго адабралі апеку над юным князем Дамінікам, якому дасталіся пасля смерці пане Каханку велічэзныя радзівілаўскія латыфундыі.

Цікава, што свае вальналюбныя ідэі Мацей прапагандаваў яшчэ задоўга да рэвалюцыі Касцюшкі ў Варшаве. У ягонай оперы «Агатка» прапагандавалася роўнасць і сцвярджалася, што сяляне такія ж людзі, як і шляхта, гандляры, чыноўнікі. Што трэба паважаць працу земляроба і шанаваць тых, хто стварае багацці. Шмат якія месцы ў крамольнай оперы задоўга да прэм'еры былі выкрасленыя цэнзурай караля Станіслава Панятоўскага.

Асветнікам і вальнадумцам быў і іншы Радзівіл - князь Ульрык. Ён шмат чытаў, цікавіўся дакладнымі навукамі - астраноміяй, механікай. Да сваёй смерці ў 1770 годзе ён здолеў шмат што зрабіць для дзяржавы. Хадзіў вайной на ўкраінскіх гайдамакаў, умацоўваў войска Вялікага княства.

Солдаты из войск Тадеуша Костюшко

Але ваенныя паходы і палітыка не забіралі ў яго імкнення да кніжнай мудрасці. Князь сабраў велізарную бібліятэку, у якую ўвайшлі выданні на ўсіх мовах краін Еўропы, а таксама на мовах антычнага свету - лацінскай, грэцкай.

Планаваў ён і перагледзець граматыку мовы літвінаў (беларусаў), якая, як меркаваў князь, мела патрэбу ў новых формах і правілах, якія правільна адлюстроўвалі б фанетычныя асаблівасці мовы.

Сучаснікі любілі ўспамінаць, што князь Ульрык шмат разоў паўтараў, што жанчыны забіраюць у мужчын занадта шмат часу і сіл. А таму лепш захапляцца жаночай прыгажосцю на адлегласці. Ад слоў Ульрык перайшоў да справы. Замовіў партрэт ніколі не існай, выдуманай прыгажуні і складаў у яе гонар мадрыгалы, гімны, пісаў музычныя п'есы.

Вядома таксама, што князь Ульрык перакладаў на беларускую мову і французскія творы: раманы, зборнікі павучальных мініяцюр. Гэтым ён думаў змякчыць норавы сваёй эпохі. Ці выйшла? Меркаваць нашчадкам.

Урэшце нават «літвінскі Дракула», як называлі калісьці князя Марціна Радзівіла, пачынаў свае кабалістычныя доследы з імкнення рабіць дабро, дапамагаць людзям. Вядома, гэты магнат занадта хутка расчараваўся ў літасці і згодзе, завёў сабе гарэм і стаў вымаць душы з нявольніц, якіх кідаў у лёхі родавага замка.

Але гэта ўжо іншы тып князёў-дзівакоў, якія замест заняткаў праўдзівай навукай і мастацтвамі звярнулі свае погляды да разбуральнай магіі вядзьмарства.

Апошнія навіны