BE RU EN

Вольга Нікалайчык: Калі спатрэбіцца - будзем прыходзіць у ДВП і далей

  • 18.12.2018, 14:44

Актывісты патрабуюць расследаваць катаванні супраць палітвязняў.

Актывісты і сваякі палітзняволеных сёння прыйшлі ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Яны патрабуюць расследавання катаванняў і пагроз у дачыненні да Іллі Валавіка, Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага і іншых беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі паводле сфальсіфікаваных абвінавачванняў. Людзі, якія сабраліся, падпісалі адпаведныя звароты на імя кіраўніцтва ДВП.

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Вольга Нікалайчык расказала тэлеграм-каналу «Баста» пра тое, чым скончыўся візіт:

«Пагрозы, здзекі і катаванні ў дачыненні да беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі, прычым не толькі з палітвязняў, але і з усіх астатніх, пераходзяць усе межы. Мы падрыхтавалі калектыўны зварот ад грамадскасці, творчай інтэлігенцыі Беларусі, ветэранаў працы, былых вайскоўцаў, актывістаў, каб нарэшце спыніць гэтае беззаконне. Яго ў нас прынялі, паабяцалі сёння да 17:00 даць інфармацыю аб тым, што з ім будзе далей.

Пры гэтым на прыём да начальніка ДВП нас не пусцілі. Са сваякамі палітвязняў пагадзіўся пагаварыць толькі ягоны першы намеснік. Ён паабяцаў разабрацца з фактамі парушэння правоў зняволеных, пра якія стала вядома апошнім часам. Некалькі разоў пытаўся ў мамы Тараса Аватарава пра тое, навошта ім - сваякам - такая вялікая «група падтрымкі», чаму ў будынку ДВП знаходзяцца актывісты і праваабаронцы.

Калі катаванні, пагрозы і здзекі не спыняцца, калі не будзе праведзенае расследаванне тых фактаў, пра якія ўжо стала вядома грамадскасці - будзем прыходзіць і далей».

Апошнія навіны