BE RU EN

«Міліцыянт папярэдзіў: Скажаш, што білі - жывога закапаем»

  • 16.12.2018, 14:35

Стала вядома пра бязмежжа ганцавіцкай міліцыі.

Жыхар Ганцавіч Павел Высоцкі быў асуджаны раённым судом за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Але па маладосці гадоў ад адбыцця пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, ухіляўся, хаваўся ў інтэрнатах. Затым 8 студзеня 2015 года быў суд, які адмераў Паўлу 6 гадоў узмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі №15 горада Магілёва высветлілася, што ў Паўла праблемы са здароўем і яму давялося рабіць аперацыю, паведамляе spring96.org.

Разбіраючыся ў праблемах Паўла, яго прыёмны бацька Іван Рыгоравіч Высоцкі даведаўся, што сына моцна збілі. А датычная да гэтага родная ганцавіцкая міліцыя.

Распавядае Іван Высоцкі:

«У снежні 2016 года я павёз у Магілёў свайму сыну ў ВК-15 рэчавую перадачу. Спатканне з ім не далі, таму, перадаўшы кантралёрам калоніі рэчы, я вярнуўся назад.

Але праз некалькі дзён мне патэлефанаваў сын:

«Тата! Мне зрабілі аперацыю. Праз спайку кішак».

Праз месяц, ужо ў сярэдзіне студзеня 2017 года, я паехаў да яго на доўгае спатканне. Мне ўдалося пагаварыць з начальнікам медслужбы калоніі маёрам Данілавым. Ён мяне чамусьці пачаў распытваць пра тое, ці білі калі-небудзь сына ў жывот, ці праходзіў ён лячэнне. Я адказаў, што Пашу ніхто ніколі не біў і ніколі ён не хварэў».

Павел пры спатканні ўстрымаўся, а можа і баяўся, гаварыць з бацькам на тэму аперацыі на страўніку і толькі ў красавіку 2017 года ў тэлефоннай размове прызнаўся, што быў жорстка збіты раней, яшчэ да суда.

Ён распавёў бацьку, што гэта адбылося 9 лістапада 2014 года ў інтэрнаце Ганцавіцкага ККД на вуліцы Чайкоўскага. Увечары, пасля 18 гадзін, яго некалькі разоў ударыў рукамі і нагамі ў жывот старэйшы лейтэнант крымінальна-выканаўчай інспекцыі В. Дунаеў, а дапамагаў яму пры збіцці ягоны сваяк Аляксей Толчаны.

«Ну як і за што яго так білі? Не можа такога быць!» - усклікае Іван Высоцкі.

«Якая бойка? Бо на самай справе ён быў проста збіты Дунаевым, які быў пры гэтым у нецвярозым стане. Як потым высветлілася, яго вазілі на медыцынскі агляд, які ўстанавіў наяўнасць у крыві 1.5 праміле алкаголю.

Суддзя пытаўся падчас суду ў сына: «Цябе білі?»

Але ён маўчаў, бо яму пагражалі: «Як скажаш - жывога закапаем».

Даведаўшыся пра гэта, Іван Высоцкі звярнуўся з заявай да начальніка папраўчай калоніі №15, дзе адбывае пакаранне яго прыёмны сын. Ён і пацвердзіў 30 лістапада 2016 года пісьмова, што аперацыю праводзілі менавіта праз спайку кішэчніка.

Бацька вырашыў дамагчыся справядлівасці ў дачыненні да сына і напісаў заяву ў Ганцавіцкі райаддзел Следчага камітэта. Старэйшы следчы Ганцавіцкага РАСКа А. Галуза адказаў, што праверка па матэрыяле з паведамленнем аб супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да Паўла Высоцкага прыпыненая ў сувязі з правядзеннем судова-медыцынскай экспертызы.

Расказвае Іван Высоцкі:

«Ужо летам 2017 года я патрапіў на прыём да выканаўцы абавязку намесніка начальніка калоніі ідэалогіі, пытаўся: «Скажыце, яго вазілі на абследаванне?» Але мне адказалі, што такія звесткі не выдаюцца.

Распытваў і начальніка атрада. Ён мне сказаў, што ніхто яго на абследаванне з калоніі не вывозіў. І спецыялісты ў калонію не прыязджалі.

Ну вось каму тут заявішся? Гэта як гарохам аб сцяну...»

А 30 лістапада Івану Высоцкаму адказалі, што вынесена пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка АУС В. Дунаева «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Не дапамог і зварот у Магілёўскую пракуратуру.

Абскарджанне неправамерных дзеянняў супрацоўніка АУС Ганцавіцкага раёна працягваецца.

Збіццё затрыманага супрацоўнікам міліцыі - гэта службовае злачынства

Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў - наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйнай суме або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам.

Наўмыснае ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннем ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Апошнія навіны