Адзін пайшоў на таран, іншы парэзаў шыны: у Менску пасварыліся два кіроўцы
- 16.12.2018, 10:14
Інцыдэнт адбыўся падчас руху вуліцай Арлоўскай і Смаргоўскім трактам.
У Менску пасварыліся два кіроўцы. Настолькі, што адзін пратараніў аўто іншага, а той парэзаў шыны ў аўто крыўдзіцеля. Цяпер абвешчаны брэйк. У канфлікце разбіраецца міліцыя, паведамляе onliner.by.
Усё адбылося прыкладна а 13:35. Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Цэнтральнага РУУС Алена Свірыдава, падчас руху вуліцай Арлоўскай і Смаргоўскім трактам у кіроўцаў аўтамабіляў Peugeot 306 і Proton Satria 315 узнік канфлікт.
- У выніку Peugeot 306 рэзнуўся ў адчыненыя дзверы аўтамабіля Proton Satria 315, кіроўца якога спыніўся для развязання канфлікту, - распавялі ў РУУС.
Далей - больш.
- Кіроўца і пасажыр Proton Satria 315 з выкарыстаннем цвёрдага прадмета сталі прычыняць пашкоджанні па люстэрках задняга выгляду Peugeot 306, а таксама парэзалі шыны аўто, - паведаміла Алена Свірыдава.
Мужчыны затрыманыя супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС.
- У дачыненні да затрыманых праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на кваліфікацыю ўчыненай імі дзеі, - дадалі ў міліцыі.