NATO паставіць Украіне абароненыя сродкі сувязі
- 13.12.2018, 21:34
Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.
У гэтым месяцы NATO пачне пастаўкі абароненых сродкаў сувязі для ўкраінскіх вайскоўцаў, заявіў генеральны сакратар гэтай арганізацыі Енс Столтэнберг прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку на сустрэчы ў чацвер. Сустрэча была прысвечаная абвастрэнню канфлікту паміж Кіевам і Масквой, паведамляе «Голос Америки».
«Я сказаў прэзідэнту Парашэнку, што да канца гэтага года я пастаўлю абароненыя сродкі сувязі для ўзброеных сіл Украіны», - заявіў Столтэнберг. Гэтыя пастаўкі будуць ажыццёўлены ў рамках абяцаных хаўрусніку 40 мільёнаў еўраў для ўмацавання абараназдольнасці Украіны.
Столтэнберг выказаў павагу да таго, што ён назваў «спакоем і стрыманасцю» Украіны падчас крызісу, і пацвердзіў падтрымку вайсковым альянсам імкненне былых савецкіх рэспублік далучыцца да NATO. Масква выступае катэгарычна супраць уступлення ў NATO былых рэспублік СССР.
Масква ігнаруе міжнародныя заклікі вярнуць тры ўкраінскія караблі, захопленыя ў мінулым месяцы ў Керчанскай пратоцы, якая кантралюе доступ да Азоўскага мора ў раёне Крыма, які Расея анэксавала ў 2014 годзе.
Парашэнка ў чацвер заявіў, што абсалютным прыярытэтам яго краіны з'яўляецца вяртанне захопленых вайсковых маракоў. Лідары ЕЗ абмяркуюць сітуацыю вакол супрацьстаяння Украіны і Расеі за вячэрай на саміце Еўразвязу пазней у чацвер.