BE RU EN

Абаронца Курапатаў Дзмітрый Казакевіч: Дзякуй усім за падтрымку

  • 13.12.2018, 9:19

Актывіст, якога збіў аўтамабіль, гатовы зноў змагацца за нацыянальны мемарыял.

Увечары 12 снежня актывіст Дзмітрый Казакевіч быў збіты аўтамабілем ля рэстарацыі «Поедем поедим» каля мемарыяла ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах.

Дзмітрый Казакевіч пасля здарэння апублікаваў кароткае відэа, у якім распавёў, што ў яго пасля сутыкнення баляць рука і нага. Як паведаміў іншы абаронца Курапатаў Анатоль Навумовіч, Казакевіча адвезлі ў лякарню ў Бараўлянах з падазрэннем на пералом нагі, паведамляе «Радыё Свабода».

А 12-й ночы Казакевіч напісаў, што ўжо знаходзіцца дома, пералому нагі няма.

Навумовіч тым часам заявіў аб «хвалі правакацый» супраць абаронцаў Курапатаў: у той жа дзень былі затрыманыя адзін з лідараў акцыі пратэсту Павел Севярынец і актывіст Сяргей Аненкаў, якія нібыта «не падпарадкоўваліся законным патрабаванням» супрацоўніка ДАІ (Севярынец перад затрыманнем паспеў заявіць, што такога не было). Імаверна, Севярынца і Аненкава будуць судзіць 13 снежня - ноч яны правялі ў ізалятары УУС Менскага раёна.

Таксама Навумовіч сцвярджае, што ў Лагойскім раёне збіраліся затрымаць актывіста Дзяніса Урбановіча, але той «паспеў уцячы».

Апошнія навіны