BE RU EN

Мясніковіч прыдумаў, куды падзець электраэнэргію з БелАЭС

  • 12.12.2018, 21:33

Мясніковіч сабраўся будаваць дамы з электрычным ацяпленнем.

У Беларусі арыентуюцца пераважна на будаўніцтва жылля з электрычным ацяпленнем. Пра гэта старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч заявіў 12 снежня на сустрэчы з калектывам ААТ «МАПІД», паведамляе БелТА.

Для ацяплення ён прапанаваў выкарыстаць электраэнэргію з Беларускай АЭС. «Электразабеспячэнне будзе вырашаць у тым ліку пытанні цеплазабеспячэння з улікам дастатковай магутнасці атамнай станцыі», - растлумачыў Мясніковіч.

Месяц таму на нарадзе па беларускай энэргетыцы Аляксандр Лукашэнка задаўся пытаннем, куды падзець электраэнэргію, якую будзе даваць БелАЭС. Ён запатрабаваў ад урада распрацаваць «выразны і рэалістычны план пашырэння напрамкаў выкарыстання электраэнэргіі ў прамысловасці, аграрнай сферы, транспарце, IT-сектары, ЖКГ, побыце і іншых галінах».

Распавядаючы пра свой план, Мясніковіч заявіў, што ў кожнай кватэры павінна быць індывідуальнае рэгуляванне ацяплення. «Павінен быць індывідуальны ўлік на кожную кватэру, для гэтага спатрэбяцца адпаведныя разводкі і г.д., каб чалавек рэгуляваў ацяпленне не фортачкай, а спецыяльным прыборам і плаціў у залежнасці ад таго, колькі ён спажывае электраэнэргіі на гаспадарча-бытавыя мэты і на патрэбы ацяплення», - заявіў ён.

Апошнія навіны