BE RU EN

У Дзярждуму РФ унеслі законы аб цэнзуры СМІ і інтэрнэту

  • 12.12.2018, 20:37

За «непавагу» да органаў расейскай улады пачнуць саджаць на 15 дзён.

Расейскія сенатары Андрэй Клішас, Людміла Бокава і дэпутат Змітрый Вяткін унеслі ў Дзярждуму РФ пакет законапраектаў аб узмацненні жорсткасці пакарання за публікацыю ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце.

За распаўсюд матэрыялаў, што ў непрыстойнай форме выказваюць непавагу да грамадства, дзяржавы, афіцыйных сімвалаў РФ і органаў улады, прапануецца саджаць пад адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 дзён.

Як паведамляе «Интерфакс», адпаведныя папраўкі аўтары патрабуюць унесці ў артыкул 20.1 Кодэкса РФ аб адміністрацыйных правапарушэннях («Дробнае хуліганства»).

Другі законапраект прадугледжвае магчымасць блакавання рэсурсаў, якія распаўсюджваюць такога роду інфармацыю.

Адначасова Клішас, Бокава і Вяткін унеслі законапраект аб штрафах на суму да 1 мільёна рублёў за распаўсюд у СМІ і інтэрнэце загадзя недакладнай інфармацыі пад выглядам праўдзівых паведамленняў (фэйкавых навін).

У выпадку, калі такая інфармацыя «стварае пагрозу жыццю і (або) здароўю грамадзян, масавага парушэння грамадскага парадку і (або) грамадскай бяспекі, спынення функцыянавання аб'ектаў жыццезабеспячэння, транспартнай або сацыяльнай інфраструктуры, наступлення iншых цяжкіх наступстваў», грамадзянам будзе пагражаць штраф ад 3 да 5 тысяч рублёў; службовым асобам - ад 30 да 50 тысяч рублёў; юрыдычным асобам - ад 400 тысяч да 1 мільёна рублёў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Апошнія навіны