BE RU EN

Еўрапарламент ухваліў дамову аб свабодным гандлі з Японіяй

  • 12.12.2018, 17:24

Дакумент ліквідуе амаль усе мытныя падаткі.

Еўрапейскі парламент у сераду, 12 снежня, ухваліў Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразвязам і Японіяй, яно ўвойдзе ў дзеянне 1 лютага 2019 года. Японскі парламент ужо раней ратыфікаваў гэты дакумент, які быў падпісаны лідарамі Японіі і ЕЗ у ліпені гэтага года, «Нямецкая хваля».

Дамова, якая рыхтавалася з 2013 года, павінна скасаваць практычна ўсе мытныя падаткі і іншыя гандлёвыя бар'еры для павышэння тэмпаў эканамічнага росту і стварэння новых працоўных месцаў. Так, яна касуе для еўрапейскіх вытворцаў харчовых тавараў мытныя падаткі на ўвоз у Японію перапрацаванай свініны, а таксама пэўных гатункаў сыру і віна. У Еўразвязе адзначаюць, што гэта абяцае вялізную выгаду еўрапейскім фермерам.

Японскі бок у сваю чаргу зацікаўлены перш за ўсё ў зніжэнні падаткаў на прамысловыя тавары, асабліва аўтамабілі. Цяпер японскія легкавыя аўтамабілі абкладаюцца ў ЕЗ падаткамі ў суме 10 адсоткаў, а грузавыя - ад 10 да 22 адсоткаў.

На долю Еўразвязу і Японіі прыпадае больш за трэць сусветнага ВУП. Брусэль чакае істотнага росту экспарту, бо ўваходжанне дамовы ў дзеянне дазволіць экспарцёрам ЕЗ штогод эканоміць блізу 1 млрд еўраў. Дамова з Токіё - найбольш маштабнае з пагадненняў аб свабодным гандлі, укладзеных на гэты момант Еўрапейскім Звязам.

Апошнія навіны