Эканаміст: Лукашэнка не кантралюе інфляцыю
- 11.12.2018, 14:25
Кошты ў Беларусі будуць расці.
Трэці месяц запар лідарам росту коштаў у Беларусі застаюцца агуркі. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Так, за верасень яны падаражэлі на 56,99%, за кастрычнік - на 83,02%, а за лістапад - на 44,26%. Таксама ў Беларусі ў топ-5 рэйтынгу тавараў і паслуг, кошты якіх у лістападзе раслі найбольш, трапілі свежая белакачанная капуста (падаражэла на 18,63%), вінаград (на 14,32%), свежыя памідоры (на 12,38% ) і яблыкі (на 8,67%), паведамляе «Белсат».
Праўда, варта ўлічваць сезоннасць росту коштаў. Напрыклад, тыя ж агуркі таннелі сёлета цягам шасці месяцаў з адзінаццаці.
А найбольш патаннелі цытрусавыя (на 9,08%), гарох і фасоля (на 2,86%), ласосевая ікра і салёная і вэнджаная рыба (акрамя селядца і далікатэснай рыбы) (на 2,33%) і сухафрукты (2, 32 %).
Што тычыцца паслуг, то сярод іх лідарамі ў росце коштаў былі: плата за аўтастаянку (на 3,92%), ветэрынарныя паслугі (на 1,82%), прыгарадны транспарт (на 1,76%), рэгулярныя гарадскія пасажырскія экспрэс-маршруты (на 1,6%) і тэлеантэны (на 1,56%).
Дынаміка росту коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2018 годзе,%
Усяго ў лістападзе спажывецкія кошты выраслі ў Беларусі на 0,6%, а з пачатку года - на 4,8%. Урад надалей спадзяецца, што сёлета кошты прадуктаў харчавання павялічацца не больш чым на 6%. Нацбанк мяркуе, што інфляцыя за год складзе блізу 5,5%.
На думку эканаміста Леаніда Заікі, налета сітуацыя з інфляцыяй у Беларусі можа развівацца неадназначна праз уплыў Расеі на беларускую эканоміку. «Сёння, на жаль, стратэгічна мы не кіруем інфляцыяй. Кошты фармуюцца вонкавымі рынкамі, перш за ўсё расейскім. А ў Расеі можа і далей слабець курс рубля», - падкрэсліў Леанід Заіка.