BE RU EN

Мядзведзеву прапанавалі прадаць кітайцам ваду сібірскіх рэк

  • 11.12.2018, 12:37

Прэм'еру РФ напісалі ліст.

Кітай хоча развязаць праблему дэфіцыту вады ў шэрагу рэгіёнаў з дапамогай Расеі.

Кітайскае Таварыства абменаў і супрацоўніцтва паміж Расеяй, Усходняй Еўропай, Цэнтральнай Азіяй і КНР ужо звярнулася з адпаведным лістом да прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева, піша finanz.ru.

У якасці аднаго з варыянтаў кітайцы прапануюць міждзяржаўны праект перакідкі вады з Алтайскага краю ў Кітай праз Казахстан. Гаворка ідзе пра будаўніцтва магістральнага вадавода Расея - Казахстан - Заходні Кітай коштам $80 млрд, удакладняе РБК.

Прапанаваны праект будаўніцтва вадавода ўключае два этапы. На першым, да 2026 года, мяркуецца пабудаваць першую чаргу магістральнага вадавода Расея - Казахстан - Заходні Кітай магутнасцю 600-700 млн куб м і сетку размеркавальных трубаправодаў. На другім, да 2040 года, могуць быць рэалізаваны "сучасныя агратэхнічныя" ды іншыя праекты, скіраваныя на "падвышэнне эфектыўнасці водакарыстання на памежных тэрыторыях Кітая, Казахстана і Расеі".

Працягласць вадавода з Расеі ў Кітай складзе, паводле ацэнак экспэртаў, 1,2-1,5 тысяч км. Зыходзячы з гэтага, бюджэт першага этапу праекта можа скласці ад $10,3 млрд да $13,4 млрд, а другога (з 2027 да 2040 года) - да $70-75 млрд. З іх $30-40 млрд - бюджэт інфраструктурнай часткі, астатняе - інвестыцыйная праграма.

Кітай зацікаўлены ў імпарце вады з Расеі і ўключае гэтае пытанне ў парадак супольных расейска-кітайскіх самітаў і камісій: ён абмяркоўваўся на палях саміту ШАС, які прайшоў у чэрвені і "атрымаў палітычную падтрымку", сцвярджаюць аўтары ліста. На іх думку, праект можа стаць часткай кітайскай ініцыятывы для стварэння глабальнай транспартнай і інвестыцыйнай інфраструктуры "Адзін пояс і адзін шлях", якая аб'ядноўвае праекты "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" і "Марскі Шаўковы шлях XXI стагоддзя".

Таварыства абменаў і супрацоўніцтва паміж Расеяй, Усходняй Еўропай і Цэнтральнай Азіяй і КНР было створана ў 2015 годзе. У жніўні яно апублікавала даследаванне аб праблеме "воднага голаду" ў краінах Цэнтральнай Азіі і шляхі яе развязання. Са звестак ААН, якія падаюцца ў дакладзе, за апошнія 50 гадоў забеспячэнне вадой насельніцтва Цэнтральнай Азіі зменшылася ў 3,5 разы. Паводле разлікаў Global Water Initiative, да 2025 года яно можа дасягнуць крытычнага паказчыка - 1,7 куб м на чалавека за год. З дэфіцытам вады могуць сутыкнуцца некаторыя рэгіёны Кітая і Казахстана.

Кітай знаходзіцца на шостым месцы ў свеце паводле запасаў вады, аднак больш за палову рачных раёнаў у сямі найбуйнейшых рачных сістэмах краіны так ці інакш забруджаныя. З 35 найважнейшых азёр КНР чыстымі лічацца толькі 18, а вада з 40% крыніц не пасуе для піцця. Прычына ў зліве з прадпрыемстваў неачышчаных вытворчых вод, а таксама "надзвычай высокая забруджанасць паветра і паўсюднае забруджванне зямлі".

Апошнія навіны