BE RU EN

Літва папросіць узмацніць санкцыі супраць РФ праз інцыдэнт на Азове

  • 10.12.2018, 20:01

Сойм Літвы прыняў адпаведную рэзалюцыю.

Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой просіць ЕЗ і NATO ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі пасля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы літоўскага парламента.

У рэзалюцыі гаворыцца, што Расея вядзе «наўмысна паслядоўныя, разбуральныя і агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, Еўрапейскага звязу (ЕЗ) і NATO» і перайшла «чырвоную лінію» ў Керчанскай пратоцы. Літоўскі сойм прапануе перадаць кантроль над «акупаванымі і кантраляванымі» Расеяй украінскімі тэрыторыямі ААН, а Маскву абавязаць адпусціць украінскіх «палітвязняў і ваеннапалонных» з турмаў.

«Калі Расея не выканае гэтыя патрабаванні ў хуткім часе ці накладзе вета на гэтыя пастановы, прапануецца ўвесці ўсёабдымныя санкцыі, у тым ліку ў расейскім газавым, нафтавым і фінансавым сектарах, уключаючы яе выдаленне з сістэмы SWIFT», - гаворыцца ў паведамленні.

Інцыдэнт у Керчанскай пратоцы адбыўся 25 лістапада. Караблі памежныя службы ФСБ Расеі абстралялі, затрымалі і адвялі ў порт Керчы тры бранякатэры і буксір ВМС Украіны. У выніку Украіна ўвяла ваеннае становішча на памежных з Расеяй тэрыторыях і забараніла ўезд расейскім грамадзянам мужчынскага полу ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў. Акрамя таго, Украіна апавясціла аб дзеяннях Расеі Міжнародны трыбунал у марскім праве і заявіла пра намер падаць пазоў у суд ААН.

Апошнія навіны