BE RU EN

Імідж загадаў доўга жыць

  • 10.12.2018, 18:06

Статуя менскага гарадавога зноў апынулася ў цэнтры скандалу.

І яшчэ адным дэжавю адзначыўся мінулы тыдзень. 3 снежня суд Маскоўскага раёна сталіцы аштрафаваў актывістаў анархісцкага руху Вячаслава Касінерава і аргкамітэта ў стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Спарыша на 30 базавых велічыняў - BYN735 - кожнага, піша «БелГазета».

Напярэдадні актывісты былі затрыманыя каля праславутай статуі менскага гарадавога пасля таго, як усклалі да яе пахавальны вянок з надпісам «Іміджу МУС ад грамадзян Беларусі». Ноч яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанкі не палічыў патрэбным каментаваць тое, што здарылася. «Я не разумею вашага пытання, - заявіў ён у адказ на просьбу БелаПАН пракаментаваць сітуацыю са статуяй і штрафамі актывістам. - Трэба цывілізавана сябе паводзіць у дачыненні да ўсіх скульптур. Гэта элементарная правакацыя. А што напісана на вянку? Не бачу неабходнасці нават каментаваць гэтыя пытанні».

Між тым беларусы чакаюць ад сталічных уладаў і МУС адказу на петыцыю аб ліквідацыі «металічнага ідала», які, на іх думку, правакуе людзей на неадэкватныя дзеянні. Гэты зварот падпісала больш за 2,6 тысячы чалавек.

Апошнія навіны