BE RU EN

Кудрын: Расея рызыкуе скончыць як СССР

  • 10.12.2018, 10:59

Пералік галоўных рызык для расейскай эканомікі - такі ж, як быў у савецкай імперыі.

Расея можа пайсці шляхам, які прывёў да раскідання СССР, калі не адкаснецца ад «ілюзій», што цяперашняя замежная палітыка вяртае яе ў кола «вядучых краін», паведамляе finanz.ru.

Як паведамляе «Інтэрфакс», пра гэта на адкрыцці Агульнарасейскага грамадзянскага форуму заявіў кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын.

«Эканамічны базіс гэтага росквіту або велічы Расеі» на дадзены момант не створаны, а кіраўніцтва «нават не надае гэтаму дастатковай увагі», падкрэсліў ён.

Пакуль нельга сказаць, што нацыянальныя мэты і праекты, заяўленыя на новы прэзідэнцкі тэрмін Уладзіміра Пуціна, «накіраваныя такім чынам, правільна згрупаваныя, каб яны стварылі гэты будучы эканамічны базіс», дадаў Кудрын.

Так, «фактычна знятая з парадку» тэма «зніжэння дзелі дзяржавы ў эканоміцы». Хоць Пуцін ставіў такую задачу ў леташнім пасланні федэральнаму сходу, прыняты бюджэт сведчыць пра адваротнае.

«Даходы ад прыватызацыі нават смешнымі не назавеш», - наракае Кудрын. 24 млрд расейскіх рублёў ад продажу дзяржаўнай уласнасці ў наступныя 3 гады - гэта мінімум з 2000-га года, пры гэтым дзяржаўныя кампаніі па-ранейшаму скупляюць прыватныя актывы.

«У гэтым сэнсе поспехі ў замежнай палітыцы, якія часам прапануюцца як наша вяртанне ў кола вядучых краін - гэта пэўная ілюзія», - падкрэсліў Кудрын: краіна застаецца «закладніцай» савецкага менталітэту», які дзейнічае як наркотык, але вядзе да паўтарэння памылак мінуўшчыны.

«Савецкі Саюз не праз змовы раскідаўся, а праз недасканалую мадэль развіцця сваёй эканомікі і палітычнай сістэмы. Гэта ўнутраныя былі праблемы. Яны сталі крыніцай вось гэтых параз. Таму сёння, калі мы не будзем надаваць увагі зноў унутраным прычынам - чыннікам нашага паспяховага развіцця, калі мы не ўбачым гэтага і на часе не звернем на гэта ўвагу, мы зноў будзем цярпець паразу», - сказаў кіраўнік Падліковай палаты.

Пералік галоўных рызык для расейскай эканомікі - такі ж, як быў у СССР. «Гэта, вядома ж, цана нафты, гэта санкцыі», якія абмяжоўваюць доступ да тэхналогій, адзначыў Кудрын.

Акрамя таго, «у нас застаецца праблема нястачы працоўных рэсурсаў для эканамічнага росту», якую «трэба кампенсаваць праз прадукцыйнасць працы», дадаў ён.

Яшчэ адной рызыкай, на думку старшыні Падліковай палаты, з'яўляюцца нізкія тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва, якія «абмяжуюць спажывецкі попыт і развіццё бізнэсу».

Паводле прагнозу Кудрына, налета рост рэальных даходаў грамадзян замарудзіцца мацней, чым гэта прагназуецца афіцыйна: фактычна рост складзе не 1,3%, а 1%.

Апошнія навіны