BE RU EN

Падаткавікі пачалі паляванне на беларусаў, якія «жывуць не па сродках»

  • 9.11.2018, 16:33

МПЗ абкладзе вінаватых падвышаным падаходным падаткам.

Міністэрства падаткаў і збораў штогод патрабуе пацвердзіць даходы агулам у 20-25 тысяч фізічных асоб, але не ўсе яны могуць гэта зрабіць. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 9 лістапада ў Менску начальнік управы падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб МПЗ Андрэй Кавалеўскі, піша tut.by.

Андрэй Кавалеўскі нагадаў, што з 2003 года ў Беларусі дзейнічае закон аб дэклараванні даходаў і выдаткаў грамадзян, і штогод падатковыя органы аналізуюць даходы і выдаткі фізічных асоб, якія зрабілі буйныя набыткі, піша БелаПАН.

«Выяўляюцца выпадкі, калі выдаткі перавышаюць даходы. У выпадку, калі ў падатковых органаў узнікаюць такія пытанні, яны могуць запатрабаваць у фізічнай асобы дэкларацыю, у якой грамадзянін абавязаны паведаміць крыніцы сваіх даходаў», - сказаў Кавалеўскі.

З ягоных слоў, МПЗ штогод аналізуе даходы агулам 20-25 тысяч фізічных асоб, да якіх паўсталі пытанні ў сувязі з неадпаведнасцю сумы афіцыйных даходаў і фактычных выдаткаў.

«Прыблізна 5 тысяч грамадзян не могуць афіцыйна пацвердзіць крыніцы сваіх даходаў і даплачваюць падаходны падатак», - растлумачыў Кавалеўскі.

Пры гэтым ён удакладніў, што ў гэтым выпадку грамадзяне абавязаныя заплаціць павышаны падаходны падатак - паводле стаўкі 16% - ад розніцы паміж фактычнымі выдаткамі і афіцыйнымі даходамі.

«Грамадзяне ў гэтым выпадку выплачваюць падаходны падатак паводле падвышанай стаўкі. Пеня і адміністрацыйная адказнасць не прадугледжаная. Адміністрацыйная адказнасць (штрафныя санкцыі. – заўв.) паўстане толькі ў выпадку нявыплаты выстаўленага падатку цягам 30 дзён», - паведаміў прадстаўнік МПЗ у адказе на ўдакладняючае пытанне.

Нагадаем, у падатковых органах працуе аўтаматызаваная сістэма, якая дазваляе супастаўляць інфармацыю аб тым, колькі чалавек зарабляе і колькі траціць. Напрыклад, у базе ўтрымліваецца інфармацыя аб заробку па асноўным месцы працы, аб атрыманых з-за мяжы грашовых пералічэннях, цяпер да яе дададуцца яшчэ і звесткі пра крэдыты і набыццё валюты. Акрамя гэтага, база «бачыць» дарагія набыткі: кватэры, дамы, транспартныя сродкі, гаражы.

Пры гэтым у Беларусі з 1 студзеня 2021 года будзе зменены парадак падачы звестак аб даходах грамадзян, паведамілі ва ўправе перспектыўнага развіцця і інфармацыйнай адкрытасці МПЗ. Пры гэтым парадак і тэрміны падачы такіх звестак будуць устаноўленыя ўрадам. Гэта прадугледжанае праектам змяненняў у Падатковы кодэкс.

Апошнія навіны