BE RU EN

Еўракамісія не пойдзе з Італіяй на ўгоду па дзяржаўнаму бюджэту

  • 5.11.2018, 21:04

Да 13 лістапада італьянскія ўлады павінны даць абноўлены варыянт бюджэту на 2019 г.

Еўракамісія запатрабавала ад Італіі прэзентаваць праект бюджэту на 2019 г., які адпавядае нормам ЕЗ. Пра гэта ў панядзелак, 5 лістапада, заявіў камісар Еўразвязу ў эканоміцы П'ер Маскавісі на сустрэчы з міністрамі фінансаў краін еўразоны, паведамляе DW.

«Памылкова» меркаваць, што Брусэль пойдзе з Рымам на «свайго роду ўгоду», каб урэгуляваць гэты канфлікт, падкрэсліў еўракамісар.

«Не, гэта не абмяркоўваецца, мы не вядзём перамовы. Правілы ёсць правілы, іх неабходна паважаць», - дадаў Маскавісі.

У Рыма ёсць час да 13 лістапада

У канцы кастрычніка Еўрапейская камісія адхіліла праект бюджэту Італіі на наступны год. Рым запланаваў дэфіцыт сумаю 2,4 працэнты ад ВУП. Толькі такім чынам урадавая кааліцыя з правых радыкалаў і папулістаў, на ўласнае прызнанне, зможа прафінансаваць выкананне перадвыбарных абяцанняў. Аднак, згодна з нормамі ЕЗ, дэфіцыт не павінен перавышаць 2 працэнтаў ад ВУП краіны.

Цяпер да 13 лістапада італьянскія ўлады на патрабаванне Брусэля павінны падаць абноўлены варыянт каштарысу. У адваротным выпадку еўрапейская супольнасць запусціць у дачыненні да Рыма працэдуры, звязаныя з залішнім дэфіцытам, што пагражае высокімі штрафамі.

Кіраўніцтва ЕЗ уважае, што палітыка новага ўрада Італіі, які вырашыў адмовіцца ад ранейшага курсу эканоміі фінансавых сродкаў і кансалідацыі бюджэту, пагражае фінансавай стабільнасці ў еўразоне і ва ўсім Еўрапейскім Звязе. Крытыкі італьянскага ўрада нагадваюць, што дзяржаўная запазычанасць Італіі ўжо складае 2,3 трыльёна еўра або 130 працэнтаў ад ВУП краіны. Гэта другі па велічыні пазыковы паказчык у еўразоне пасля Грэцыі.

Апошнія навіны