BE RU EN

Пад Антарктыдай выявілі загадкавую крыніцу цяпла

  • 21.11.2018, 12:28

Паблізу Паўднёвага полюса частка ледзянога покрыва растала.

Навуковая праца пра гэта апублікаваная ў часопісе Scientific Reports, коратка аб даследаванні паведамляе сайт Брытанскага антарктычнага даследавання.

Незвычайная колькасць цеплавой энэргіі нетраў Зямлі ўжо расплавіла і працягвае плавіць ніжнія пласты ледзянога покрыва. У выніку пласты ледзянога покрыва «правісаюць» уніз, а адталая вада сцякае пад ледніковым покрывам і падсілкоўвае падлёднае возера ніжэй па плыні.

Міжнародная даследчая каманда выявіла гэта на падставе радыёлакацыйных звестак пра таўшчыню, структуру і асаблівасці асновы ледавіковага шчыта вакол паўднёвага полюса. Аўтары даследавання мяркуюць, што крыніцай цяпла стала спалучэнне радыеактыўных парод і гарачай вады, якая паступае з-пад зямлі.

«Магчыма, гэты працэс раставання працягваўся цягам тысяч ці нават мільёнаў гадоў, - сказаў доктар Том Джордан, адзін з аўтараў працы. - Наўпрост ён не спрыяе змене ледзянога покрыва. Аднак у будучыні дадатковая вада на ледзяным покрыве можа зрабіць гэты рэгіён больш адчувальным да вонкавых чыннікаў, такіх як змяненне клімату».

Нагадаем, раней геафізікі знайшлі чарговыя пацвярджэнні таму, што ў Антарктыдзе, у раёне Зямлі Мэры Бэрд, знаходзіцца геатэрмальная крыніца. Даследнікі мяркуюць, што дзякуючы яе дзейнасці лёд растае, што прыводзіць да з'яўлення азёр і рэк пад ім.

Апошнія навіны