BE RU EN

Незалежная журналістка з Гомеля перамагла ў судзе

  • 21.11.2018, 9:30

Суд спыніў пераслед журналісткі пасля заявы спэцдакладчыка ААН.

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч спыніў адміністрацыйную справу супраць журналісткі-фрылансеркі Марыі Булавінскай-Ляпінай, распачатую паводле ч 2 арт 22.9 КоАП «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», паведамляе «Гомельская вясна».

Нагадаем, адміністрацыйны пратакол супраць журналісткі склаў супрацоўнік АУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Гусеў. Яе абвінавачвалі ў стварэнні дакументальнага фільма «Бяздомны горад» пра знішчэнне драўлянай забудовы ў Гомелі, які быў зняты на замову тэлеканалу Белсат. Марыя з'яўляецца аўтаркай і рэжысёркай фільма.

Са слоў самой журналісткі, пікантнасць сітуацыі ў тым, што гэта першы выпадак, калі пратакол складзены за відэа ў такім фармаце. Звычайна ўлады пераследуюць фрылансераў за вострыя сацыяльныя рэпартажы навінавага фармату.

Пастанова суда датаваная 6 лістапада, менавіта ў гэты дзень праваабаронца Леанід Судаленка накіраваў зварот у абарону журналістаў-фрылансераў спецыяльным дакладчыкам ААН, была выказаная ўстурбаванасць вакол сітуацыі журналістаў-фрылансераў гомельскага рэгіёну агулам і апісаная сітуацыя з Марыяй Булавінскай-Ляпінай.

Вядома, што яшчэ напярэдадні, 5 лістапада журналістку выклікалі ў Цэнтральны РАУС горада для ўдакладнення абвінавачання і тлумачэння правоў і абавязкаў.

Суд спыніў справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання.

Апошнія навіны