BE RU EN

Аб прэзідэнцкіх «выбарах»

  • ПРЭЗІДЫУМ НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ
  • 20.11.2018, 16:10

Заява прэзідыума Народнай Грамады.

Падкантрольныя рэжыму партыі толькі пачалі заяўляць пра гатоўнасць імітаваць свой удзел у імітацыі прэзідэнцкіх «выбараў», а спецслужбы кіроўнага рэжыму ўжо на ўсю моц займаюцца гэтымі «выбарамі».

Іх задача - нейтралізаваць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, па-сапраўднаму небяспечных для рэжыму, і падтрымліваюць іх структуры. Для гэтага спецслужбы выкарыстоўваюць усе магчымыя спосабы ціску і рэпрэсій.

Народная Грамада ўвесь час сутыкаецца з гэтым на ўласным досведзе. Перад аднымі з «выбараў» рэжым скасаваў сваю рэгістрацыю для нашай партыі. Многія нашы таварышы былі рэпрэсаваныя. Старшыня Народнай Грамады Мікалай Статкевіч зазнаў крымінальны пераслед напярэдадні прэзідэнцкіх «выбараў» 2001 і 2006 гадоў, што не дазволіла яму ўдзельнічаць у іх у якасці кандыдата. Пасля «выбараў» 2010 года ён быў пасаджаны ў турму і вызвалены толькі на наступны дзень пасля заканчэння рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцкія «выбары» 2015 года. Агулам лідар Народнай Грамады правёў у няволі амаль восем гадоў.

Гэтыя ж захады выкарыстоўваліся і да іншых небяспечных для рэжыму кандыдатаў. Праз крымінальны пераслед і вымушаную эміграцыю прайшлі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў.

Мы са шкадаваннем канстатуем: рэжым Лукашэнкі не адмаўляецца ад старых метадаў правядзення «выбараў». Цяпер пачатая новая хваля рэпрэсіяў супраць патэнцыйных кандыдатаў.

Задача крымінальнай справы супраць прафзвязу РЭП - перашкодзіць яго аўтарытэтнаму лідару Генадзю Фядынічу ўзяць удзел у наступных прэзідэнцкіх «выбарах». Бо за ім - структура, якая мае аддзяленні ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Яго падтрымліваюць брацкія прафзвязы з іншых краін. Акрамя таго, ён чалец Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу - адзінай структуры, якая не баіцца арганізоўваць пратэстныя акцыі ў цэнтры сталіцы і гатовая падтрымаць старшыню эканамічнай камісіі БНК.

Аналагічным чынам мы ацэньваем і пагрозу завядзення крымінальнай справы супраць Паўла Севярынца.

На фоне росту сацыяльнага напружання і вельмі нізкага рэальнага рэйтынгу Лукашэнкі, рэжым спрабуе падстрахавацца і дапусціць нават на гэтыя ліпавыя «выбары» толькі падкантрольных яму марыянетак.

Грамадства не можа больш абыякава назіраць, як яго пазбаўляюць рэальнага выбару. Народная Грамада да канца гэтага года прапануе стратэгію дзеянняў у дачыненні да прэзідэнцкіх «выбараў» з улікам цяперашняй сітуацыі.

Прэзідыум Народнай Грамады, hramada.org

Апошнія навіны