Аліеў: Азербайджан набудзе ў Беларусі новую партыю вайсковай тэхнікі
- 19.11.2018, 16:59
Таксама азербайджанскі дыктатар падзякаваў Лукашэнку за падтрымку па Карабаху.
Азербайджан рыхтуе кантракт з Беларуссю аб закупах чарговай партыі беларускай вайсковай тэхнікі, паведаміў журналістам азербайджанскі дыктатар Ільхам Аліеў пасля перамоваў з Лукашэнкам, паведамляе «Інтэрфакс».
Як паведамляе дзяржагенства БелТА, у панядзелак у Менску пасля перамоў двух прэзідэнтаў быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржкамваенпрамам Беларусі і міністэрствам абароны Азербайджана аб развіцці ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне паставак узбраення і тэхнікі супрацьпаветранай абароны.
«У самы кароткі час ён будзе трансфармаваны ў кантракт для набыцця чарговай партыі вайсковай тэхнікі з Беларусі» - сказаў І.Аліеў.
Як паведамлялася, у чэрвені і верасні Мінабароны Азербайджана, нягледзячы на ўсе пратэсты Арменіі, атрымала ад Беларусі цяжкія дальнабойныя РСЗА «Паланэз». 301-міліметровыя РСЗА «Паланэз» прынятыя на ўзбраенне азербайджанскага войска ў 2018 годзе. Максімальная далёкасць паразы цэлі складае 300 км.
Таксама Ільхам Аліеў удзячны Лукашэнку за пазіцыю ў пытанні ўрэгулявання канфлікту ў Нагорным Карабаху.
«Я хацеў бы выказаць падзяку ад сябе і азербайджанскага народа за пазіцыю Беларусі ў пытанні ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту», - сказаў Аліеў.
Сваю пазіцыю наконт Нагорнага Карабаха дыктатары Беларусі і Азербайджана адлюстравалі ў падпісанай пасля перамоваў супольнай заяве.